Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ты́гельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з плаўкай, нагрэвам і пад. у тыглі (у 1 знач.). Тыгельная плаўка металаў. Тыгельная сталь.

2. Спец. Які мае тыгель (у 2 знач.). Тыгельны аўтамат.

тыгр, ‑а, м.

1. Буйная драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых аранжава-жоўтай з чорнымі палосамі афарбоўкі. Усурыйскі тыгр. □ — Няма звера страшнейшага за тыгра! — крыкнуў Тарыел, бляднеючы. Самуйлёнак.

2. Разм. Назва нямецкага танка перыяду другой сусветнай вайны. У тым баі мы знішчылі шэсць «тыграў», астатнія адышлі. «ЛіМ».

ты́гравы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тыгра (у 1 знач.). Тыгравая шкура. □ Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.

2. Такі, як у тыгра, уласцівы тыгру. Тыгравая афарбоўка шэрсці сабакі.

тыграло́ў, ‑лова, м.

Паляўнічы на тыграў.

тыграня́ і тыгранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня тыгра.

тыгры́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыгра (у 1 знач.), належыць яму. Тыгрыная лапа. Тыгрыны след. // Такі, як у тыгра, уласцівы тыгру. Тыгрыны роў з лясных данёсся нетраў. Валасевіч.

тыгры́ца, ‑ы, ж.

Самка тыгра.

ты́дзень, ‑дня, м.

Адзінка вылічэння часу ад панядзелка да наступнай нядзелі ўключна. Другі дзень тыдня. □ Бадай кожны тыдзень у панядзелак ездзіў [Міхалка] .. на кірмаш [у мястэчка]. Бядуля. // Адрэзак часу ў сем дзён, які адлічваецца з любога дня; сямідзённы тэрмін. Туравец падумаў, што яны з Машай не бачыліся ўжо цэлы тыдзень. Мележ. Дзед Аўсей .. калі гаварыў аб якіх падзеях, то .. дакладна вызначаў іх час: — Гэта было... тыдзень пасля таго, як мы выязджалі на баявую аперацыю. Лынькоў. // чаго або які. Сямідзённы прамежак часу, вызначаны для правядзення якой‑н. грамадскай работы, кампаніі. Тыдзень малдаўскай літаратуры праходзіць у знамянальныя дні. «Звязда».

•••

Рабочы тыдзень — пэўная колькасць дзён у тыдні, прызначаных для работы.

Без году тыдзень — зусім нядаўна.

Сем пятніц на тыдні ў каго гл. пятніца.

тыднёвік, ‑а, м.

Разм. Выданне, якое выходзіць адзін раз на тыдзень. Летась у часопісах .. і ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» былі надрукаваны лірычныя нататкі Янкі Брыля. «Полымя».

тыднёвы, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца цэлы тыдзень. Тыднёвы адпачынак. □ Кожны з .. [спартсменаў] хацеў першым, пасля тыднёвай барацьбы, закончыць гонку ў Мінску. «Беларусь». // Разлічаны на тыдзень. Тыднёвы план. Тыднёвае заданне. // Атрыманы за тыдзень. Тыднёвы заработак.