Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мазо́ль, мазаля, м.

Патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або на нагах ад працяглага трэння. Нацерці мазоль. Крывавы мазоль. □ Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.

•••

Касцявы мазоль — касцявая нарасць на месцы зрашчэння косці пасля пералому і інш. пашкоджанняў.

Жыць з мазаля гл. жыць.

Наступіць на (любімы) мазоль гл. наступіць.

мазо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мазаля. Мазольны пластыр.

2. Тое, што і мазолісты. — Я сам працаўнік, І мазольныя маю я рукі. Гурло.

мазу́р,

гл. мазуры.

мазу́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мазуркі ​1. Мазурачны матыў.

мазу́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Польскі нацыянальны танец з трохдольным тактам, а таксама музыка да гэтага танца. Пальцы Скашынскага забарабанілі па стале жвавей. Яны выстуквалі лёгкі матыў мазуркі. Чарнышэвіч. // Музычны твор у рытме гэтага танца. Мазуркі Шапэна.

[Ад польск. mazurek.]

мазу́рка 2,

гл. мазуры.

мазу́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мазураў. Мазурскае насельніцтва.

ма́зуры, ‑аў; адз. мазур, ‑а, м.; мазурка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. мазуркі, ‑рак; ж.

Этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-ўсходнюю частку Польшчы.

мазу́рык, ‑а, м.

Разм. Злодзей, махляр, ашуканец. Юрый маўчаў. У ім закіпала злосць. Гэты мазурык [Плішчынскі], які перад вайной трапіў у лагер за дробную кражу, хоча выставіць сябе яго выратавальнікам. Навуменка.

мазу́т, ‑у, М ‑зуце, м. і мазу́та, ‑ы, ДМ ‑зуце, ж.

Астаткі ад нафты пасля адгонкі з яе бензіну, газы і газаліну. Пахла мазутам, нагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Востра пахла зямлёй, мазутай і каменным вугалем. Лынькоў.

мазу́тавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мазутны.