Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раса́днік, ‑а, м.

1. Спецыяльная скрынка з зямлёй для вырошчвання расады.

2. Месца, дзе вырошчваюць маладыя расліны, расаду. Хаты разбегліся ў бакі і.. на пляц пазіраюць нясмела з-за густа зачастаколеных расаднікаў. Галавач.

раса́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да расады. Расадны спосаб пасадкі гародніны. Расадная скрынка.

расазна́ўства, ‑а, н.

Раздзел антрапалогіі, які вывучае чалавечыя расы.

расама́ха, ‑і, ДМ ‑масе, ж.

Драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц з доўгім грубым футрам бурай афарбоўкі.

расама́хавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да расамахі. // Зроблены з футра расамахі. Расамахавы каўнер.

расаха́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З раздвоеным ствалом; вілаваты. Месца для адпачынку выбіраем на пагорку, пад старым расахатым дубам. Сачанка. Над Прыпяццю, за хатамі, Ля самага сяла, Сасонка расахатая Маленькая расла. Прыходзька.

2. Рагаты, з галіністымі рагамі. Расахаты лось.

расі́зм, ‑у, м.

Антынавуковая рэакцыйная тэорыя і палітыка, якія сцвярджаюць існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых» чалавечых рас і тым самым імкнуцца апраўдаць няроўнасць грамадскіх класаў і нацыянальнасцей.

расі́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Тое, што і рускі. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх з сваім палескім акцэнтам. Колас.

2. Які мае адносіны да Расіі. Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка.

расі́на, ‑ы, ж.

Капля расы. Світанне. .. Зазіх[а]целі На лузе срэбныя расіны. Матэвушаў. Спяшайце У ціхую раніцу веку Усе, хто хоча пачуць, Як, слізгануўшы па расіне, звініць Першы промень. Сіпакоў.

расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.

•••

Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.