упо́р, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).
2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.
3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.
4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».
•••
Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.
упо́равень, прысл.
Разм.
1. На адной лініі, вышыні, глыбіні і пад. Вада кіпела ўпоравень з бартамі. Арабей. Хвілін праз пяць.. [Раман] падняў упоравень з грудзьмі ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. [Хатка] такая маленькая і нізкая, што мальвы і сланечнік, якія абступілі яе вакол прызбы, цвітуць упоравень са страхой. Васілевіч. // На аднолькавым узроўні, у роўным становішчы. Літаратура наша вырасла да такой ступені, што зрабілася фактам не толькі нацыянальна-беларускім, а выйшла на ўсесаюзную арэну, стаўшы ўпоравень з лепшымі творамі шматнацыянальных літаратур. Скрыган.
2. Аднолькава, на роўных умовах, правах і пад. [Алена Данілаўна] адчула сябе ўпоравень з усімі, з вядомымі ў краіне партыйнымі кіраўнікамі, з наватарамі вытворчасці. Сабаленка. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.
3. Поруч, побач. У падраным кажушку бяжыць упоравень з санкамі мужычок — грэецца. Мурашка. Ганна Макараўна ішла ўпоравень з вагонамі. Марціновіч.
упо́рны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для ўпору. Упорная стойка. Упорны ніт.
упо́тай, прысл.
Непрыкметна для іншых, скрытна, тайком, цішком. Вера Іванаўна ўпотай пазірала, як Пятро абыходзіцца з малою. Сабаленка. І толькі часам вечарамі, употай ад хлопцаў, даставаў [Алёша] з тумбачкі чорную бесказырку і падоўгу моўчкі сядзеў, пазіраючы ў засмужанае марозам акно. Нядзведскі.
упо́тайкі, прысл.
Тое, што і употай. А на развітанне бацька, употайкі выцершы скупую мужчынскую слязу, дадаў: «Толькі жыві праўдай. Ведай: праўда святлей за сонца». Гурскі. Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія ўпотайкі пашыла і перадала Даніку. Шамякін.
упо́тайку, прысл.
Разм. Тое, што і употай. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Колас. Аўстра замілавана глядзела на .. [Каспара]. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне». Броўка.
упра́ва 1, прысл.
У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.
упра́ва 2, ‑ы, ж.
1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.
2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.
управа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упрэць (у 1, 2 знач.).
упра́віцца, упраўлюся, управішся, управіцца; зак.
1. з чым і без дап. Паспець скончыць, завяршыць што‑н. у тэрмін; ухадзіцца з чым‑н. Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Чорны. Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Паслядовіч. [Андрэй:] — Снапы ў гумне, тата. — У гумне? — У гумне. Управіліся да дажджу. Чарнышэвіч. // Даць рады чаму‑н., справіцца з чым‑н. Станіслаў упарціўся: было сорамна — які ён жаніх. Але і выйсця не знаходзіў. Аднаму з гаспадаркай не ўправіцца. Асіпенка. Цётка Гануля .. абяцала схадзіць [да Мікодыма], як толькі ўправіцца з хатнімі клопатамі. Марціновіч. [Рыбак] не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла, .. і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Быкаў.
2. Паспець за які‑н. тэрмін схадзіць або з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. [Косця:] — Можа выбраць вольны час ды пад’ехаць самому — Маладзечна не так далёка, за дзень управіўся б. Адамчык.
3. Змагчы, паспець зрабіць што‑н. Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Колас. — Фш-шы-ых-х! — прашыкаў звер. Стары ледзьве ўправіўся адскочыць убок. Масарэнка.
4. Адолець, стрымаць каго‑, што‑н., падпарадкаваць сваёй волі. — Адно толькі незразумела, — дадаў.. [студэнт]. — Як.. [рысь] злавіла яго? Алень малады і дужы, як гэта яна ўправілася. В. Вольскі. [Аляксандр:] — Цара скінулі — не пабаяліся, Керэнскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся. Грахоўскі. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Васілёнак.
упра́віць, упраўлю, управіш, управіць; зак., каго-што.
1. Уставіць на месца што‑н. вывіхнутае. Дзед Беласпай управіў Паўліку вывіхнуты сустаў, і хлопчык ужо мог наступаць на хворую нагу. Беразняк.
2. Разм. Усунуць, уставіць што‑н. куды‑н. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза. Гартны. Каб зрабіць больш-менш паслухмяным [бугая], яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны.
3. Разм. Аддаць, прадаць. [Залман:] — Гэтулькі лесу чорту лысаму ўправіць! Лобан.
4. Разм. Даць увязнуць, увагнаць у што‑н. вязкае, грузкае. Так управіў воз у гразь, што ледзь выцягнулі. □ Цётка Іваніха зачыняе вароты, паказвае на дарогу: — Глядзіце ж, кабылу на.. грэблі не ўпраўце. Васілевіч.
5. Разм. Дагледзець, зрабіць усё па гаспадарцы. Маці працавала, мабыць, больш за нас усіх, разам узятых. Падумаць толькі! Дагледзець скаціну, управіць гаспадарку, напрасці і наткаць палатна і сукна на ўсю сям’ю. Дубоўка. [Андрэіха:] — Ай, Яўхім! Дзе б ты адным сваім канём дзве гаспадаркі ўправіў. Чарнышэвіч. Прошаным канём гаспадаркі не ўправіш. Прыказка.
6. перан. Разм. Загубіць каго‑, што‑н. Прыпала Зося губамі да болькі і заекатала, зайшлася з плачу.. Валасы рвала на сабе, праклінала, што сама сваё дзіця ўправіла. Крапіва.