Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упо́дбежкі, прысл.

Абл. Подбегам. Убачыўшы Тэклю, .. [Алёшка] ўподбежкі кінуўся да калодзежа з усмешкай бесклапотнага і вясёлага хлапца. Краўчанка. Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора. Гартны.

упо́дбежку, прысл.

Абл. Подбегам. За.. [Гнібам] тупае ўподбежку Ярыга. Лынькоў. Небяспечныя месцы стараліся прайсці як не ўподбежку. Місько.

упо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упаіць.

упо́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да упойваць.

упо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаіць.

упо́кат, прысл.

Разм. Адзін пры адным, у беспарадку, як папала (ляжаць, спаць і пад.). Хлопцы спалі на нарах у кутку ўпокат і трымаліся адной сям’ёй у працы і ў барачным жыцці. Пестрак. Ляжаць упокат зваленыя сосны, Галлё і друз паскіданы ў лаўжы. Панчанка.

упо́л, прысл.

Разм. Пасярэдзіне. Клунак перавязаны ўпол. □ Пнёў .. [у садзе] было шмат, а іншыя дрэвы зломаны ўпол і ўжо абраслі маладымі парасткамі. Кулакоўскі.

•••

Узяць (схапіць) упол каго гл. узяць.

упо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Запомніць, утрымаць у памяці. Дзе ты ўсё ўпомніш.

упо́перак, прысл. і прыназ.

1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.

2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.

•••

Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.

упо́плеч, прысл.

Разм. Тое, што і поплеч. Ісці ўпоплеч. □ Стань жа ўпоплеч, мой друг, і на хвілю замры! Гілевіч.

•••

З векам упоплеч гл. век.