Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уплыво́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць уплывовага.

уплыво́вы, ‑ая, ‑ае.

Які робіць уплыў або здольны ўплываць на каго‑, што‑н.; аўтарытэтны. Нацэвіч выклікаў да сябе старастаў і найбольш уплывовых у сяле мужчын. Галавач. Сацыялізм у нашы дні стаў самай уплывовай грамадскай сілай. «Полымя».

уплы́сці і уплы́ць, уплыву, уплывеш, уплыве; уплывём, уплывяце; пр. уплыў, уплыла, ‑ло; заг. уплыві; зак.

1. Заплысці ўнутр. Лодка ўплыла ў бухту.

2. перан. Плаўна ўвайсці куды‑н. У пакой не ўвайшла, а як бы ўплыла, заняўшы палавіну яго, Сяргеева гаспадыня. Сабаленка.

уплы́ў, уплыву, м.

1. Уздзеянне на каго‑, што‑н. Рабіць уплыў на што‑н. Пад чужым уплывам. Уплыў камсамольцаў на беспартыйную моладзь. □ Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў. Пад уплывам прыроды самы пануры і маўклівы чалавек змяняецца — мякчэе, робіцца весялейшым і нават гаваркім. Ляўданскі.

2. Сіла аўтарытэту, улады. [Грыша:] — Вось дзе трэба наша прапаганда.. Трэба ўвесь раён пад свой уплыў узяць! Няхай.

уплы́ць,

гл. уплысці.

уплю́ханы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уплюхаць.

уплю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Запырскацца чым‑н.; запэцкацца. Уплюхацца ў гразь.

уплю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Запырскаць чым‑н.; запэцкаць. Уплюхаць фартух у раствор гліны.

уплю́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уплюхацца.

2. Зал. да уплюхваць.

уплю́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уплюхаць.