Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рання... (гл. ранне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «ранне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: ранняспелы.

ранняспе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які рана дае спелыя плады; які рана спее. Ранняспелая капуста. Ранняспелыя памідоры.

рант, ‑а, М ‑нце, м.

Вузкая палоска скуры па краях абутку, да якой прышываюцца адначасова падэшва і верх абутку. Прынесла маці .. [боцікі] увечары з мястэчка — чорненькія, бліскучыя, з чырвонымі падэшвамі .. І абцасы, і ранты блішчаць, б[ы] насмолены!.. Брыль.

[Ням. Rand.]

ра́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае рант. Рантавы абутак.

ра́нцавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ранца.

ранцье́, нескл., м.

У буржуазным грамадстве — той, хто жыве на працэнты з аддадзенага ў пазыку капіталу, з даходаў ад акцый, аблігацый і пад.

[Фр. rentier.]

ра́нча, нескл., н.

1. Сядзіба ў краінах Лацінскай Амерыкі.

2. Ферма, звычайна жывёлагадоўчая, у ЗША.

[Ісп. rancho.]

рань, ‑і, ж.

Вельмі ранні час. — Ты чаго гэта, хлопча, падняўся ў такую рань? — стрэў .. [Міхася] дзед Антось. Якімовіч.

раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.

2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.

рапа́, ‑ы, ж.

Спец. Вада салёных азёр, марскіх заліваў з высокай канцэнтрацыяй солей (выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах).