ме́шань, ‑і, ж.
Разм.
1. Мешанка.
2. Метыс, мяшанец.
3. Тое, што і мешаніна (у 1 знач.).
мешкава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі шырокі, падобны на мяшок (пераважна пра адзенне). [Дзянісаў] быў у парусінавым светлым касцюме, які выглядаў на ім крыху мешкаватым. Гамолка.
2. перан. Нязграбны, няспрытны; няўклюдны. Камандзірам таго аддзялення .. назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Быкаў.
мешкаві́на, ‑ы, ж.
Грубая моцная тканіна, з якой шыюць мяшкі і якая служыць для ўпакоўкі. Адамава начынне было захавана ў чахол, зроблены са старой мешкавіны. Сабаленка.
мешкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму мяшка.
мешчані́н, ‑а; мн. мяшчане, мяшчан; м.
1. Асоба, якая належала да мяшчанскага саслоўя. Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Колас.
2. перан. Чалавек з дробнаўласніцкімі інтарэсамі, вузкім кругаглядам; абывацель. Алеся пакахала нявартага яе чалавека, мешчаніна. Бярозкін.
мешчанчу́к, ‑а, м.
Разм. Зніж. да мешчанін. Ці даўно .. [Лабановічу] самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?» Колас.
мешчаракі́, ‑оў; адз. мешчарак, ‑а, м.; мешчарачка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. мешчарачкі, ‑чак; ж.
Устарэлая назва татараў-мішароў, якія жывуць у Башкірскай АССР.
мешчара́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мешчаракоў.