Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дальтані́зм, ‑у, м.

Недахоп зроку, які заключаецца ў няздольнасці вока адрозніваць некаторыя колеры (часцей зялёны і чырвоны).

[Ад уласн. імя.]

дальто́нік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які хварэе на дальтанізм.

да́льшы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Дальні, далейшы. Галасы выйшлі з суседняга пакоя і паціхлі недзе ў дальшых пакоях. Мурашка. Дымаўцы спыніліся ў пракосах, глядзелі, меркавалі, — што гэта мае значыць? Дальшыя падыходзілі бліжэй да пярэдніх. Крапіва.

далягля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Уяўная лінія, мяжа паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; гарызонт. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка. // Частка неба над лініяй гарызонта; небасхіл. Палаў далягляд палярнага сонца, якое так і не ўзышло. Шамякін. // Прастор, які можна акінуць вокам. Далягляд пашырыўся: справа была відаць амаль палова горада, а з боку яго — на жытнёвых палетках каціліся няспынныя хвалі. Шахавец.

даляжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм.

1. Тое, што і даляжаць. Лес ляжаў, ляжаў і аж да восені даляжаўся. Скрыпка.

2. Доўга лежачы, давесці сябе да непрыемных вынікаў. Мой сусед старшына Тарасюк .. падняўся і сказаў, звяртаючыся да мяне: — Пайшлі, браток, паглядзім, як і што, а то даляжымся. С. Александровіч.

даляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Разм.

1. Праляжаць да канца ці да якога‑н. часу. Даляжаць да ўсходу сонца. □ Адзін валун у затоцы даляжыць да другога ледавіка. Калі ён і зазелянее, дык толькі ад моху. Барадулін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Праляжаўшы некаторы час, набыць патрэбныя якасці. Яблыкі ўжо даляжалі, можна есці.

далята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даляцець.

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

далячы́нь,

гл. далечыня.

далячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лечыцца; зак.

1. Закончыць сваё лячэнне, канчаткова вылечыцца. Далячыцца ў бальніцы.

2. Разм. Лячэннем давесці сябе да якіх‑н. непрыемных вынікаў.