дало́невы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да далоні. Далоневы мускул. Далоневыя складкі.
дало́нь, ‑і, ж.
Унутраны бок кісці рукі. Закрыць твар далонямі. □ Ладзім выкаціў бульбіну, узяў яе ў рукі, паперакідваў з далоні на далонь — пакуль астыла, і пачаў лупіць. Ставер. Алена ідзе і раз-пораз выцірае далонню з твару пот. Мележ.
•••
Біць (пляскаць) у далоні гл. біць.
Як на далоні — пра што‑н. выразна і поўнасцю бачнае. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні. Шамякін.
дало́ў, прысл.
1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.
2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!
•••
І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.
З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.
далу́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад далузаць.
далуза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Закончыць лузанне чаго‑н., палузаць усё. Далузаць фасолю. Далузаць арэхі.
далу́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да далузаць.
далупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.
1. Аблупіць, злупіць да канца. Далупіць зайца. Далупіць печаную бульбіну.
2. Разм. Дарваць, канчаткова парваць. Далупіў вопратку.
далу́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад далупіць.
далу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да далупіць.
далуча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для далучэння. Далучальны ланцуг.
2. У граматыцы — які з’яўляецца дапаўненнем, дадаткам да чаго‑н. Далучальныя сказы. // Які служыць для далучэння. Далучальны злучнік. // Заснаваны на спосабе далучэння, прыбаўлення. Далучальная сувязь сказаў.