Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

механі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць механічнага.

механі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да механікі (у 1 знач.). Механічны рух. Механічная энергія.

2. Які дзейнічае пры дапамозе механізмаў, машын; які апрацоўваецца пры дапамозе механізмаў. Механічныя граблі.

3. Звязаны з вырабам, рамонтам машын і механізмаў. Механічны цэх.

4. Тое, што і механістычны. Механічны матэрыялізм.

5. перан. Які дзейнічае без ўдзелу свядомасці; аўтаматычны. Механічнае завучванне прачытанага. □ Некалькі дзён марнаваўся няўдалы перапісчык над простаю, чыста механічнаю работаю і часта збіваўся з тропу. Колас. // Міжвольны. Механічныя жэсты.

мехападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Шырокі, нязграбны, падобны на мех (пра адзенне). Я падняўся і ўбачыў двух чалавек, з галавы да ног апранутых у мехападобнае адзенне. Шамякін.

ме́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад месці (у 1 знач.).

ме́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Пляма, лапіна на целе, покрыве жывых істот; знак, метка. Нам прывялі двух сухіх.. канькоў, буланых, з белымі мецінамі на лбе. Мікуліч.

ме́цінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да меціна.

ме́ціцца 1, мечуся, мецішся, меціцца; незак.

1. у каго-што і без дап. Цэліцца. Меціцца ў цэль.

2. Мець намер, намервацца зрабіць што‑н. Сядзібу нашу прыгледзеў сусед недалёкі, на ёй паставіць меціўся хату для зяця. Барадулін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Намячацца. Брыгада не дайшла яшчэ да месца, дзе меціцца перашыўка палатна, як дождж лінуў нібы з вядра. Навуменка.

ме́ціцца 2, меціцца; незак.

Зал. да меціць ​2.

ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.

1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.

2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.

3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.

ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.

Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.

ме́цца 1, маюся, маешся, маецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць у наяўнасці; знаходзіцца; існаваць. Уласна кажучы, рашэнне магло быць і было толькі адно: ісці, не губляючы ні адной хвіліны дарэмна, ісці, пакуль маецца непарушны запас харчоў. Шамякін. [Аксіння:] — Ды мы, сынок, не былі б у крыўдзе, каб у цябе і сакрэты якія меліся... Лынькоў.

2. Адчуваць сябе. — Як маешся? — разглядаючы вільготнымі вачыма сябра .., спытаўся .. [Цімка]. Карпаў. Раніцой, перад пачаткам урокаў, Клава заглянула ў школьны сад: як там маюцца яе бярозкі? Якімовіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з інф. Аб тым, што павінна быць. Меўся распачацца справаздачна-выбарчы сход прафсаюзнай арганізацыі. Карпюк. // Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. Кафедра мелася рэкамендаваць кандыдатаў у аспірантуру. Шахавец. З дому Косця меўся ехаць крадком, але перад бацькам нібы прагаварыўся. Адамчык.

•••

Мецца на ўвазе — меркавацца, падразумявацца.

ме́цца 2, нескл., н.

Разм. Тое, што і мецца-сапрана.

[Іт. mezzo — сярэдні.]

ме́цца-сапра́на, нескл., н.

Жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. // ж. Спявачка з такім голасам.

[Іт. mezzosoprano, ад mezzo — сярэдній і soprano — высокі жаночы голас.]