дакара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Карабкаючыся, дабрацца да якога‑н. месца. Дакарабкацца да вяршыні гары.
дакара́бквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да дакарабкацца.
дакара́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дакараць.
дакара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Папракаць, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Дакараць свой лёс. □ [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў такую далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Хлопец моцна дакараў сябе за тое, што не сказаў тады Ніне ніводнага разумнага слова. Навуменка.
дакармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго.
1. Дакончыць кармленне каго‑н. Дакарміць дзіця.
2. Пракарміць да якога‑н. тэрміну. Дакарміць авечак да вясны.
дакары́ць, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.
Скончыць карыць. Дакарыць жэрддзе.
дакасі́цца, ‑касіўся, ‑косішся, ‑косіцца; заг. дакасіся; зак.
Разм. Косячы, дайсці да якога‑н. месца. Дакасіцца да канавы.
дакасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; заг. дакасі; зак., што і без дап.
1. Закончыць касьбу чаго‑н. Дакасіць пожню.
2. Скасіць да якога‑н. месца. Дакасіць да дарогі.
дакастры́чніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Беларуская дакастрычніцкая праза.
дакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; заг. дакаціся; зак.
1. Коцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Клубок дакаціўся да стала. Мяч дакаціўся да варот. □ Тралейбус .. дакаціўся да сцяны і стукнуўся ў яе. Арабей.
2. перан. Пашыраючыся, распаўсюдзіцца да якога‑н. месца (пра з’явы, пачуцці і пад.). Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Чарнышэвіч. Хваля аблаў і пагромаў дакацілася да мястэчка. Брыль. // Данесціся, дайсці да слыху (пра гукі). Заставалася скласці апошні стог сена, як раптам аднекуль дакаціўся раскат грому. Сіняўскі. Зноў дакаціліся да Ігнася зыкі музыкі. Чорны.
3. перан. Разм. Апусціцца, дайсці да якога‑н. ганебнага стану. Уся гісторыя з Дывінцом выглядала падазронай і дзіўнай. Каб такі хлопец дакаціўся да п’янства і сварак! Асіпенка.