Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даказа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць даказальнага. Даказальнасць тэарэмы.

даказа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які можа быць даказаны. Даказальнае палажэнне.

дака́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад даказаць (у 1, 2 знач.).

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

дака́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. даказваць — даказаць (у 1, 2 і 3 знач.).

дака́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да даказваць.

дака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даказаць (у 1, 2 і 3 знач.).

дака́зчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто даказвае на каго‑н.; даносчык, нагаворшчык.

дака́зчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да даказчык.

дакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.

Скончыць калаціць што‑н. Дакалаціць яблыкі.