Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца бледным (у 1, 2 знач.). Гаспадыня бляднее, вусны яе ўздрыгваюць. Навуменка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч. Неба на ўсходзе пачало бляднець. Карпаў.

2. перан. Траціць сваю яркасць, выразнасцю здавацца нязначным у параўнанні з чым‑н. [Перагуд:] Перад іх [старых і дзяцей] абліччам, перад іх вялікімі пакутамі бляднеюць усе нашы крыўды, усе нашы асабістыя перажыванні і пачуцці, якія б яны моцныя ні былі. Крапіва.

бляды́, ‑ая, ‑ое.

Абл. Тое, што і бледны (у 1, 2 знач.). Кацярына выцірала Твар свой стомлены, бляды... Броўка.

бля́класць, ‑і, ж.

Уласцівасць бляклага.

бля́клы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.

бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.

2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.

бля́мканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. блямкаць.

бля́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Бразгаць чым‑н. металічным. Рыпелі вароты, блямкалі засаўкі, то там, то тут чуўся грукат у дзверы. Няхай. // Дрэнна іграць на чым‑н., брынкаць. Блямкаць на піяніна.

бля́мкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да блямкаць. У полі за вёскай блямкнуў тры разы падрад звон. Галавач. Рыпнулі ў хаце дзверы. Блямкнула клямка. І ўсё. Кавалёў.

бляск, ‑у, м.

1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Колас. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза. Ад снежнага бляску мроілася ў вачах. М. Стральцоў. // Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Бядуля. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока. Мележ. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску. Пальчэўскі.

2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй. Звонак. Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску! Кухараў. Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

3. перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар. Бядуля. У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Зарэцкі. // Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. // Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце. Краўчанка. Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны. Корбан.

4. перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Навуменка.

•••

З бляскам — вельмі добра, выдатна.

бля́скат, ‑у, М ‑каце, м.

Разм. Тое, што і бляск (у 1 знач.). Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка.