Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хрызалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Празрысты каштоўны камень залаціста-зялёнага колеру, разнавіднасць алівіну.

[Ад грэч. chrysós — золата і lithos — камень.]

хрызалі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрызаліту. // Зроблены з хрызаліту або з хрызалітам. Хрызалітавыя завушніцы.

хрызантэ́ма, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства складанакветных з пышнымі махровымі кветкамі рознай афарбоўкі. Лісці дрэў ужо кранула восеньская пазалота, але на клумбах яшчэ стракацелі яркія астры і хрызантэмы. Сапрыка. Жоўтае ўтульнае святло лямпы, белыя хрызантэмы ў слоіку, чырвонае, нібы рубін, віно ў чарках, натхняючыя вершы і мы ўдвух, забыўшыся аб усім на свеце... Хомчанка.

[Ад грэч. chrysós — золата і anthemion — кветка.]

хрызапра́з, ‑у, м.

Напаўкаштоўны камень яблычна-зялёнага колеру, разнавіднасць халцэдону.

[Ад грэч. chrysós — золата і prásios — светла-зялёны.]

хрызапра́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрызапразу. // Зроблены з хрызапразу або з хрызапразам. Хрызапразавы кулон.

хрызаты́л, ‑у, м.

Мінерал, валакністая разнавіднасць серпенціну, змеевіка.

хрып, ‑у, м.

1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.

2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.

хрыпава́ты, ‑ая, ‑ае.

Троху, злёгку хрыплы. Два гудкі, тоўсты хрыпаваты і звонкі тэнаровы, адначасна забрынчэлі па шыбах у акне Руліна пакоя. Гартны. Голас у .. [Паранькі] ціхі, трошкі хрыпаваты — не то ад прастуды, не то ад беганіны. Ракітны.

хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.

2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.

хрыпа́ты, ‑ая, ‑ае.

Глухаваты, сіплы, нячыстага тону (пра гук). Кожны паравоз крычыць па-свойму.. У другога хрыпаты голас, нібы прастудзіўся паравоз, бегаючы ў вольных туманах і завеях. Лынькоў. Хрыпатымі галасамі маладых пеўнікаў пачынаўся новы дзень. Гроднеў. // Які ўтварае такія гукі. Дуня заводзіла хрыпаты грамафон, потым прымусіла спяваць Віктара. Колас. Але недзе пасля Бахмача, якраз тады, калі змоўк у вагоне хрыпаты рэпрадуктар, прыёмнічак раптам ажыў. Мехаў.