Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хруста́лік, ‑а, м.

1. Разм. Кавалачак хрусталю (у выглядзе падвескі, пацеркі і пад.).

2. Спец. Частка вока (за зрачком і радужнай абалонкай) у выглядзе празрыстай дваякавыпуклай лінзы.

хруста́ль, ‑ю, м.

1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.

3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.

•••

Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.

[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]

хруста́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрусталю (у 1 знач.), уласцівы яму. Хрустальны бляск. // Звязаны з вырабам хрусталю. Хрустальны завод. // Зроблены з хрусталю. Хрустальная ваза.

2. перан. Празрысты. Хрустальныя каплі расы. // Чысты, звонкі, як у хрусталю (пра гукі). Хрустальны звон.

хру́станне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрустаць.

хру́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць гукі, падобныя на хруст. [Пан] неспакойна хрустаў тонкімі пальцамі. Бядуля. Набраклыя галінкі глуха хрусталі пад нагамі. Новікаў.

хру́сткі, ‑ая, ‑ае.

Такі, што хрусціць, утварае хруст, трэск. На падлеску марнелі-датайвалі бы наждак хрусткія на марозе лапіны снегу. Быкаў. Пад нагамі шамацела хрусткае лісце. Грахоўскі. Стручок [фасолі] быў хрусткі і зялёна-празрысты. Самуйлёнак.

хрусце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрусцець, а таксама гукі гэтага дзеяння.

хрусце́ць, хрушчу, хрусціш, хрусціць; незак.

Тое, што і хрустаць. Хрусцела пад нагамі ледзяная корка. Шамякін. [Доўбік] аблакаціўся на калені і стаў перабіраць то на адной, то на другой руцэ пальцы — яны па чарзе хрусцелі. Гроднеў. Пясчынкі хрусцяць на зубах. Астрэйка.

хрусь і хрусь-хру́сь, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння сухога трэску, хрусту. Снег рыпеў пад нагамі: хрусь, хрусь! — быццам хтосьці цукар грызе. Хомчанка.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. хрустаць, хрусцець — хруснуць. З раніцы.. [Сафрона] насцігла няўдача: напароўся санямі на пень, і два пярэднія вязы — хрусь напалам. Ракітны.

хрушч, ‑а, м.

1. Жук сямейства пласцініставусых.

2. часцей мн. (хрушчы́, ‑оў). Род сухога пячэння з тонкіх палосак цеста, якія цякуць у масле (алеі). Хрушчы былі памочаны ў цёртым тварагу і зверху насыпаны цукрам. Пташнікаў.