Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

храбусце́ць, ‑бушчу, ‑бусціш, ‑бусціць; незак.

Утвараць хруст, трэск. Храбусцела пад тапаром тонкая паплеціна — на тычкі. Крапіва. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў. У ціхім празрыстым паветры суха храбусцелі галіны — Шпілеўскі ламаў вецце. Савіцкі. / у безас. ужыв. [Мядзведзь] жор гэты лёд, як дзеці марожанае, — аж храбусцела. Караткевіч.

храм, ‑а, м.

1. Збудаванне, прызначанае для адпраўлення набажэнства і рэлігійных абрадаў. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню. Маўр. Захаваліся руіны рымскіх храмаў, палацаў, тэатраў, трыумфальных арак, лазняў. В. Вольскі.

2. перан. Месца, якое выклікае павагу, святое для каго‑н. У хуткім часе БДТ‑1 стаў храмам мастацтва, святыняй роднага слова. Ліс. Бачу цябе [Пуліхава] ў Піцеры, ва універсітэце. Вось яны сцены храма навукі, пра які ты марыў! Мехаў. А душа мая і думкі — там, Дзе шахцёры-салякопы Мудра Пад зямлёй узводзяць працы храм, Увесь з мазаікі і перламутру. Аўрамчык. // перан. Пра сферу высокіх духоўных каштоўнасцей. А невядомы Ікс. Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.

храма... (гл. хрома...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «хрома...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напрыклад: храмасома, храмасфера.

храмавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да храма. Храмавое свята.

храмаге́н, ‑у, м.

Спец. Бясколернае рэчыва клетак раслінных і жывёльных тканак, якое набывае колер пры акісленні.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і génos — паходжанне, род.]

храмаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да храмагену.

храмасо́ма, ‑ы, ж.

Спец. Пастаянная састаўная частка клетачнага ядра жывёльных і раслінных арганізмаў, носьбіт спадчыннага рэчыва.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і sōma — цела.]

храмасо́мны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да храмасомы. Храмасомная тэорыя спадчыннасці. Храмасомныя хваробы.

храмасфе́ра, ‑ы, ж.

Спец. Адзін з слаёў сонечнай атмасферы, які можна бачыць у час зацьмення ў выглядзе яркага кольца вакол Сонца.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба і sphaira — шар.]

храматаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да храматаграфіі. Храматаграфічны аналіз.