Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

егіптало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць навук, якія вывучаюць гісторыю, мову і культуру Старажытнага Егіпта.

егіпто́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне егіпталогіі.

егіпця́не, ‑цян; адз. егіпцянін, ‑а, м.; егіпцянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. егіпцянкі, ‑нак; ж.

Асноўнае насельніцтва Егіпта.

е́дкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць едкага.

е́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. □ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.

2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. □ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.

е́днасць, ‑і, ж.

1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. □ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.

2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.

е́жа, ‑ы, ж.

Тое, што ядуць і п’юць; прадукты харчавання. Мясная ежа. □ Упершыню за многа дзён у нас была сапраўдная вячэра, але елі мы вельмі асцярожна. Я часам забываўся і з прагнасцю накідваўся на ежу. Шамякін. [Дзяншчык] прынёс добры кавалак свініны і усякай другой ежы — у кансервавых бляшанках, у папяровых пакеціках, у шкляных пасудзінках. Лынькоў. Ад ежы аж гнуліся ў хаце сталы. Быў піва і мёду расход не малы. Хведаровіч.

•••

Грубая ежа — простая, цяжкая для перастраўлення ежа.

ез, ‑а, м.

Уст. Плеценая перагародка папярок ракі для затрымання і лоўлі рыбы.

ездавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для язды, які служыць для язды. Ездавая дарога. Ездавыя сабакі. Ездавыя алені.

2. у знач. наз. ездавы́, ‑ога, м. Салдат, які правіць коннай запрэжкай. Іван усё пакрыкваў на ездавога — старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той наганяў хутчэй. Быкаў.

е́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Прывучаны для язды, аб’езджаны. Езджаны конь.

2. Па якім многа ездзілі; наезджаны. Езджаная дарога.