гвалтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Чыніць гвалт (у 1, 2 знач.); здзекавацца, прыгнятаць, няволіць. Нямецка-фашысцкія захопнікі, як толькі ўварваліся ў горад, адразу ж пачалі рабаваць, забіваць і гвалтаваць мірнае насельніцтва. «Беларусь».
2. Сілаю прымушаць жанчыну да палавога акта. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны .. Бачылі, як п’яныя манахі гвалтавалі вясковую дзяўчыну, выкручвалі ёй рукі. Галавач.
3. Крычаць, шумець. — Алё! — гвалтаваў тэлефаніст каля апарата. Нікановіч. Навокал спяваюць, аж залягаюць, пеўні, кудахчуць куры, гвалтуюць вераб’і. Чорны.
гвалтаўні́к, ‑а, м.
Той, хто чыніць гвалт (у 1, 2 знач.); прыгнятальнік, мучыцель. Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды гэтакі ўжо вырадак, гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога. Колас.
гвалто́ўна, прысл.
Супраць волі, жадання; сілай. Дзвіну не запыніш ніякай мяжой, Як з сэрца гвалтоўна не вырвеш кахання. Зарыцкі.
гвалто́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з дзейнасцю гвалтаўніка. Гвалтоўніцкія метады.
гвалто́ўніцтва, ‑а, н.
Тое, што і гвалт (у 1, 2 знач.); здзекі, прымус. Змагаючыся супроць парушальнікаў свабоды сумлення, Каліноўскі скарыстоўвае факты гвалтоўніцтва пры ліквідацыі уніяцкай царквы для распальвання нянавісці да царызму, для таго, каб падняць сялян на рэвалюцыйную барацьбу. Лушчыцкі.
гвалто́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які суправаджаецца гвалтам, прымусам. У Заходняй Беларусі буржуазны ўрад Польшчы праводзіў гвалтоўнае апалячванне насельніцтва. // Выкліканы гвалтам, прымусам. Гвалтоўная смерць.
2. Раптоўны, нечаканы. Гвалтоўны агонь мінамётаў, быццам лапай, пакрыў .. лес. Брыль.
3. Парывісты, бурны. Гвалтоўны вецер.
гва́лціць, ‑лчу, ‑лціш, ‑лціць; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і гвалтаваць (у 1, 2 знач.).
гва́лчанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гвалціць.
гвардзе́ец, ‑дзейца, м.
Ваенны, які служыць у гвардыі. Мужна біліся нашы гвардзейцы, але танкі [ворага] рваліся наперад. Гурскі. // перан.; чаго. Звычайна пра перадавіка вытворчасці. Радуюць самі людзі, якіх сёння па праву называюць гвардзейцамі пяцігодкі. «Звязда».