Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ва́бны, ‑ая, ‑ае.

Які вабіць, зачароўвае сваім выглядам, цягне да сябе; прывабны. Абходзячы вабны над хатай дымок, Ганец павяртае ізноў у лясок. Глебка. Я па садзе іду — шмат пладоў залатых Цешаць вока сузор’ямі вабнымі. Панчанка.

вавёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Звярок роду млекакормячых атрада грызуноў, які жыве ў дуплах дрэў. Даўгахвостая вавёрка, відаць, нечым напалоханая, рыжай маланкай узлятае ўгору па карабатай кары дуба. Паслядовіч. // Футра, шкурка гэтага звярка. На румах ворагаў чакаюць дзяды памяркоўныя нашы; Трэба сабраць ім даніну: ад лодкі — два локці тканіны; Ад лодкі — па белай вавёрцы, і потым плыві сабе з богам... Сіпакоў.

вавёркавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены са шкурак вавёркі. Вавёркавае футра.

вавёрчын, ‑а.

Які мае адносіны да вавёркі, належыць вавёрцы. Вавёрчына гняздо. Вавёрчыны сляды.

вавіло́нскі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: вавілонскае стоўпатварэнне гл. стоўпатварэнне; вавілонская вежа гл. вежа.

ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.

Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.

вага́, і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.

1. толькі адз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе. // Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую... Бядуля.

2. толькі адз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў. // перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі. Колас.

3. толькі адз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.

4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. □ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце. Брыль. Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

•••

Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.

Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.

Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.

Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.

Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.

На вагу золата — надта дорага.

вагаві́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць вагавітага.

вагаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Даволі значны па сваёй вазе; важкі. Вагавіты колас. // перан. Значны. Усе пакручваюць галовамі .., калі пачынаецца гаворка пра некаторых навічкоў-будаўнікоў, якія сваю, пакуль што яшчэ не надта вагавітую, палучку растрачваюць за некалькі дзён. Кулакоўскі.

вагавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да вагі (у 1, 4 знач.). Вагавая адзінка. Вагавыя катэгорыі. Вагавы збор.

2. у знач. наз. вагава́я, о́й, ж. Памяшканне, прыстасаванае для ўзважвання якіх‑н. грузаў.

вага́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вагання, уласцівы ваганню (у 1 знач.). Вагальны рух.