ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.
Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.
вага́, ‑і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.
1. толькі адз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе. // Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую... Бядуля.
2. толькі адз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў. // перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі. Колас.
3. толькі адз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.
4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. ▪ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце. Брыль. Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.
•••
Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.
Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.
Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.
Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.
Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.
На вагу золата — надта дорага.