Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязмэтна хадзіць, гуляць. Блукаць па лесе. Блукаць па пакоях. □ За сялом, за гарой, Ад змяркання блукаю да раніцы. Гілевіч. З гадзіну блукалі мы па вуліцы, прыглядаючыся к сотням машын, што стаялі ля тратуара. Лынькоў. // Перамяшчацца, знаходзіцца ў руху, узнікаць і прападаць. Блукаюць цені. На вуснах блукала ўсмешка. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак. Наперадзе, недзе далёка, блукалі невядомыя агні. Лупсякоў.

2. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках каго‑, чаго‑н. Блукаць па свеце. □ Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. Міцю маркотна. Ні разу сёлета не блукаў па грыбовішчах. Навуменка. [Мужчыны] доўга блукалі па балоце, абрасіліся наскрозь і, мокрыя, стаялі цяпер у нерашучасці. Пальчэўскі.

3. перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся на чым‑н. (пра погляд, вочы, думкі). Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны.

блука́ючы, ‑ая, ‑ае.

У выразах: блукаючая нырка гл. нырка. Блукаючы нерв гл. нерв. Блукаючыя агні гл. агонь. Блукаючыя зоркі гл. зорка. Блукаючыя токі гл. ток.

блуклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва блуканне. Сінечу летняга неба плямілі блуклівыя хмаркі. Сабаленка.