упаўнава́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упаўнаважыць.
2. у знач. наз. упаўнава́жаны, ‑ага, м.; упаўнава́жаная, ‑ай, ж. Афіцыйная асоба, якая дзейнічае на падставе якіх‑н. паўнамоцтваў. [Андрыян Цітавіч] ужо амаль не стыкаўся дома: то ўпаўнаважаным ехаў у калгас, то дакладчыкам... Марціновіч.
упаўнава́жвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да упаўнаважваць.
упаўнава́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да упаўнаважыць.
упаўнава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што на што і з інф.
Даць паўнамоцтвы на правядзенне чаго‑н., даверыць зрабіць што‑н. ад чыйго‑н. імя. Упаўнаважыць пасла на вядзенне перагавораў. Упаўнаважыць касіра атрымаць грошы па даверанасці. □ — Сход нас і ўпаўнаважыў, — уставіў Вітушка. Шамякін.
упаце́лы, ‑ая, ‑ае.
Спацелы. К сталу падышоў упацелы, запэцканы, без шапкі на галаве, малады хлопец. Мурашка.
упаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць потным, спацець. Невысокі рыжаваты хлопец звяртаецца да Блахіна: — ..Твае хлопцы ўсё робяць, нібы гуляючы, з перакурамі, з жарцікамі, і ні адзін не ўпацее, а мы аж са скуры вылузваемся. Грахоўскі. — Пакажыце данясенне Дзічкоўскага, — папрасіў Сякач. Косцін упацеў, шукаючы яго. Алешка.
упача́тку, прысл.
Спярша, спачатку. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала .. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны. // На самым раннім этапе. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі. Колас.
упая́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад упаяць.
упая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Уставіць і замацаваць што‑н. паяннем. Упаяць кандэнсатар у радыёпрыёмнік.
уперава́лку, прысл.
Разм. Ісці, рухацца, перавальваючыся з боку па бок. — Я вам кажу, што гэта Польшч[а] ўжо, — гаварыў.. [Калодка], уперавалку сігаючы за Міколам. Брыль.