рамбо́ід, ‑а, М ‑дзе, м.
Тое, што і паралелаграм.
[Грэч. rhomboeidēs — ромбападобны.]
рамбо́ідны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рамбоіда.
рамбо́эдр, ‑а, м.
Паралелепіпед, усе грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі.
[Ад грэч. rhombos — ромб і hedra — сядзенне, аснова, грань.]
раме́нны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з рэменя, рамянёў; скураны. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. Колас. [Стафанковіч] .. стаяў.., ссунуўшы набакір блінаватую шапку з раменным казырком. Чорны.
раме́ньчык, ‑а, м.
Невялікі або вузкі рэмень (у 1 знач.). Гадзіннікавы раменьчык. □ — А калі не сабака, дык адкуль жа ўзяўся раменьчык на шыі ў ваўка? Як па-твойму? — дапытваўся бацька. Пальчэўскі.
раме́ньчыкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раменьчыка, які складаецца з раменьчыкаў. Раменьчыкавы бізун.
раме́снік, ‑а, м.
1. Чалавек, які займаецца саматужным вырабам чаго‑н. Жыва прыпамінаю маіх сяброў-аднапалчан. Вясёлыя хлопцы кашубы-рыбакі, рамеснікі, сяляне. Брыль. Усе аматары .. былі рамеснікі з Камароўкі і прыходзілі ўвечары, каб адпачыць ад капылоў ды рубанкаў. «Полымя».
2. перан. Той, хто працуе без творчай думкі, па шаблону. Ацэнка з пункту гледжання толькі вартасці тэмы прыводзіць да паяўлення апавяданняў, якія не ствараюцца мастакамі, а робяцца рамеснікамі. Галавач.
3. Разм. Вучань рамеснага вучылішча. Маленькі рамеснік на змене бяссоннай пакрыў яго [танк] фарбай, як травы, зялёнай. Вялюгін. Некалі, гадоў дзесяць таму назад, чырванашчокага рамесніка Баравіка ён заўсёды называў Сашам. Шыцік.
раме́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і рамесны. Рамесніцкі промысел. Рамесніцкае вучылішча. □ Напярэдадні XVI стагоддзя Мінск ператвараецца ў важны гандлёвы і рамесніцкі горад. «Полымя».
2. Які мае адносіны да рамесніцтва (у 2 знач.), рамесніка (у 2 знач.), уласцівы ім. Рамесніцкі падыход да мастацтва. □ А. Ністаў лічыў ворагамі сапраўднага рэалістычнага мастацтва рамесніцкія штампы, халодную абыякавасць і банальнасць, напышлівую дэкламацыю. «Маладосць».