дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.
1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.
2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.
3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.
•••
Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.
Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.
дабрачы́нец, ‑нца, м.
Тое, што і дабрадзей (у 1 знач.).
дабрачы́ннасць, ‑і, ж.
Тое, што і дабрадзейнасць.
дабрая́каснасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дабраякаснага. Дабраякаснасць прадукцыі.
дабрая́касны, ‑ая, ‑ае.
1. Добры, прыгодны па якасці. Дабраякасны матэрыял. Дабраякасная работа.
2. Спец. Які не пашыраецца і паддаецца лячэнню; проціл. злаякасны. Дабраякасная пухліна.
дабро́, ‑а, н.
1. Усё добрае, станоўчае; проціл. зло, ліха. Уяўленні аб дабры і зле так мяняліся ад народа да народа, ад веку да веку, што часта прама супярэчылі адно аднаму. Энгельс. // Удача, поспех. Я табе раю, як прыяцель, які хоча табе дабра. Чорны. Ад ліха ціха і дабра не чуваць. Прыказка.
2. Добрыя справы, учынкі. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.
3. Разм. Маёмасць, пажыткі. Поўны куфар дабра. □ Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы і стайні, і аборы, Дабра, набытку былі горы. Колас. // Іран. Пра што‑н. непрыгоднае, непатрэбнае. Такога дабра не трэба і дарма. З нар.
•••
Не давядзе (не давядуць) да дабра гл. давесці 1.
Не з дабра — не ад добрага жыцця.
Не к дабру — пра тое, што прадказвае нядобрае або можа прывесці да непрыемных вынікаў.
дабро́м, прысл.
Разм. Па-добраму, без прымусу. — Пан дабром нічога не аддасць, — сілай трэба ўзяць. Мурашка.
дабро́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дабротнага. Дабротнасць збудаванняў.