гро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Скопішча пладоў або кветак на адной галінцы. Гронка вінаграду. □ Неяк адразу пацяжэлі ад .. крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. За платамі заблытаныя дажджом і набрынялыя гронкі бэзавых кветак. Карпюк.
гронкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны да гронкі. Гронкападобнае суквецце.
грос, ‑а, м.
Уст. Дванаццаць тузінаў (144 штукі) якіх‑н. аднародных прадметаў. Грос гузікаў.
[Ням. Gross.]
гро́сбух, ‑а, м.
Бухгалтарская кніга, якая дае зводку ўсіх рахункаў і прыродна-расходных аперацый. Былі членскія ўзносы, якія акуратна запісваліся ў вялікія гросбухі і рэгістраваліся ў адпаведных інстанцыях. Лынькоў.
[Ням. Grossbuch.]
гросма́йстар, ‑тра, м.
1. Вышэйшае шахматна-спартыўнае званне. // Асоба, якая мае гэта званне.
2. Галава сярэдневяковага рыцарскага манашскага ордэна.
[Ням. Grossmeister.]
гросма́йстарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гросмайстра, належыць яму. Гросмайстарскае званне.
грот 1, ‑а, М гроце, м.
Штучная або прыродная пячора. Абследаваць грот.
[Іт. grotta.]
грот 2, ‑а, М гроце, м.
Ніжні парус на грот-мачце.
•••
Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на парусных і вёсельных суднах.
[Ад гал. groot— вялікі.]
гро́хат, ‑а, М ‑хаце, м.
Вялікае рэшата для прасейвання сыпкіх матэрыялаў (збожжа, пяску, вугалю) і сарціроўкі іх па велічыні. // Машына з рашотамі, сітамі для такой самай мэты. Прапусціць мінеральныя ўгнаенні праз грохат.
грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.
1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.
2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.
3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.
•••
Гроша ломанага не варты гл. варты.
Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.
Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).
Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.
Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.
гро́шы, ‑ай, Д грашам, Т грашамі; адз. няма.
1. Металічныя або папяровыя знакі, якія служаць мерай вартасці пры куплі-продажы. Папяровыя грошы. Размяняць грошы. □ Праўда даражэй за грошы. З нар.
2. Сродкі, капітал. Адпусціць грошы на будаўніцтва школ. □ І пайшоў дзед па рынку хадзіць; ходзіць, па сваіх грашах тавар выглядае. Колас.
•••
Кішэнныя грошы — грошы на дробныя расходы.
Грошы не пахнуць — не мае значэння, якім чынам грошы атрыманы.
Грэбці грошы лапатай гл. грэбці.
Кідаць грошы на вецер гл. кідаць.
Ні за якія грошы — ні за што, ні пры якой умове.