Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́курс, ‑у, м.

Кніжн.

1. Перспектыўнае скарачэнне формы прадмета, якое зменьвае яго звычайныя абрысы (пры назіранні зверху або знізу). // Перадача, адлюстраванне прадмета ў перспектыве з ілюзорным скарачэннем аддаленых ад пярэдняга плана частак. [Тадароўскі] смела шукае незвычайныя ракурсы, яго камера ўвесь час у руху, кампазіцыя кадра заўсёды цікавая. «Звязда».

2. Пункт погляду, з якога што‑н. разглядаецца; аспект. Падаць праблему ў розных ракурсах. □ Аўтара цікавіць вайна не толькі ў яе, як бы сказаць, батальным ракурсе — і гэта неабходна падкрэсліць як прынцыповы момант. «Полымя».

[Фр. raccourcir — скарачаць.]

ра́курсны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ракурсу. Ракурсны здымак.

раку́шачнік, ‑у, м.

Порыстая карбанатная горная парода, якая складаецца з ракавін марскіх жывёл, змацаваных вапняковым ілам. Птушкі клалі .. [яйкі] проста на гарачы ракушачнік. Хомчанка.

раку́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ракушачніку; які складаецца з ракушак. Ракушачны бераг. Ракушачны пясок.

раку́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікая ракавіна (у 1 знач.). Ад берагу моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.

раку́шнік, ‑у, м.

Тое, што і ракушачнік.

ракфо́р, ‑у, м.

Сорт вострага сыру.

[Ад геаграф. назвы.]

ра́ла, ‑а, н.

Адгаліненне ствала дрэва; тоўсты сук. Дрэвы раслі на прыволлі: яны былі высокія, мажныя ў абхваце, з разгалістымі раламі. С. Александровіч. Непадалёку ад хаты, пры самым плоце, расла ў два абхваты ліпа, у ралах якой была прымайстравана старая барака. Сабаленка.

ралава́ты, ‑ая, ‑ае.

З раламі. Ля самага паркана расла раскідзістая ралаватая ліпа з бусліным гняздом. Сабаленка.

ра́лі, нескл., н.

Спартыўнае спаборніцтва на спецыяльна падрыхтаваных стандартных аўтамабілях або матацыклах паводле зададзенага рэжыму руху. Міжнароднае ралі матацыклістаў.

[Англ. rally.]