Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ву́сцішны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Ціхі, спакойны. Апейка, едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга і радасна думаў. Мележ.

2. Страшны, жудасны. Вусцішная паныласць стаяла ў хаце. Марціновіч.

ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.

1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.

2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.

3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).

4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).

•••

Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.

І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.

Матаць (сабе) на вус гл. матаць ​1.

Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.

Самі з вусамі гл. сам.

ву́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Фальшывая сенсацыйная чутка. Газетная вутка.

ву́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы, Р мн. ‑так; ж.

Пасудзіна з доўгім носам, якая падаецца ляжачым хворым мужчынам для мачы.

вух, выкл.

1. Выказвае пачуццё здзіўлення, захаплення і пад. перад сілай, велічынёй, незвычайнасцю чаго‑н. — Метраў, напэўна, сто! — Ды, глядзі, усе трыста... — Бух ты! Ніводнага дрэва такога няма. От бы пабачыць! Ракітны.

2. Ужываецца як гукаперайманне для перадачы моцнага і глухога гуку ад удару, выстралу і пад. У тым баку былі пачуліся выбухі, як таўклі ўсё роўна дзе ў ступе: вух-вух, вух-вух... Пташнікаў.

ву́ха, ‑а; мн. вушы, вушэй; н.

1. Орган слыху і раўнавагі ў пазваночных жывёл і чалавека. Сярэдняе вуха. Унутранае вуха. Чуў сваімі вушамі. □ Стары аглядаецца па баках, прыслухоўваецца то адным вухам, то другім... Бядуля.

2. Знадворная, вонкавая частка гэтага органа ў форме ракавіны вакол вушной адтуліны. Адмарозіць вушы. Доўгія вушы.

3. Разм. Слых. Чуткае вуха.

4. часцей мн. Бакавая адкідная частка шапкі, якая закрывае вушную ракавіну.

5. Прыстасаванне ў розных прадметах для больш зручнага карыстання (пад’ёму, вешання, пераноскі і інш.). Вуха ў збане. Вушы цэбра.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць гл. чуць.

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) гл. рэзаць.

Вухам не варухнуць гл. варухнуць.

Вушы аб’есці; з вушамі аб’есці гл. аб’есці.

Вушы вянуць — праціўна, не хочацца слухаць што‑н.

Вушы затыкаць гл. затыкаць ​1.

Галава і два вухі гл. галава.

Да вушэй — пра шырокую ўсмешку.

Дайсці да чыіх вушэй гл. дайсці.

(Есць), аж за вушамі трашчыць гл. трашчаць.

За вушы не адцягнеш гл. адцягнуць.

За вушы цягнуць каго гл. цягнуць.

З вуха на вуха; з вуха ў вуха — шэптам, пад сакрэтам сказаць што‑н.

З-за вуха біць гл. біць.

І вухам не весці гл. весці.

І сцены вушы маюць гл. сцяна.

Лавіць вухам гл. лавіць.

Мець вушы гл. мець.

Мець свае вочы і вушы гл. мець.

Мядзведзь на вуха наступіў гл. мядзведзь.

Навастрыць вушы гл. навастрыць.

На вуха (гаварыць, шаптаць, сказаць і пад.) — гаварыць ціха, наблізіўшыся да вуха субяседніка.

Над самым вухам (крычаць, шумець, раздавацца і пад.) — блізка, у непасрэднай блізкасці.

Накруціць вушы гл. пакруціць.

На свае (ўласныя) вушы чуць гл. чуць.

Наставіць (натапырыць) вушы гл. наставіць.

Не верыць сваім вушам гл. верыць.

Не ўбачыць як сваіх вушэй каго-чаго гл. убачыць.

Ні вуха, ні рыла — зусім нічога не разумець.

Па (самыя) вушы — вельмі глыбока, многа, моцна; поўнасцю. Седас па вушы ўвайшоў у справу. Чорны. [Антось:] — Дома работы па вушы: трэба араць, сеяць. С. Александровіч.

Прапусціць міма вушэй гл. прапусціць.

Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму гл. пра-трубіць.

Развесіць (распусціць) вушы гл. развесіць.

Стаяць у вушах гл. стаяць.

Стрыгчы вушамі гл. стрыгчы.

Трымаць вуха востра гл. трымаць.

Тугаваты на вуха, тугі на вуха гл. тугі.

Увесці ў вушы каму гл. увесці.

Угразнуць па вушы ў чым гл. угразнуць.

Улавіць вухам гл. улавіць.

Хоць (ты) вушы затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць ты ў вуха кладзі гл. класці.

Як злавіць вухам гл. злавіць.

Як у вуху — зацішна, цёпла.

вухавёртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Насякомае з атрада прамакрылых.

ву́ханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вухаць.

ву́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і вухкаць.

ву́хканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вухкаць — вухнуць.

ву́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вухнуць.