Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ракападо́бныя, ‑ых.

Клас жывёл тыпу членістаногіх з падзеленым на сегменты і пакрытым панцырам целам і вялікай колькасцю членістых канечнасцей; жывуць пераважна ў вадзе.

раката́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ракатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Раніцой Ілонку разбудзіла гучнае ракатанне матора. Хомчанка.

раката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абзывацца дробным раскацістым гулам. А трактар ракатаў роўна, упэўнена... Гроднеў. Мне хацелася бегчы за .. [чайкамі] па гразі, бегчы ў заімглёны свет, туды, дзе ракоча і пеніцца мора, бае казку аб тым, што цудоўны, бязмежны свет не казка, а сапраўднасць. Брыль.

2. Гаварыць, спяваць нізкім раскацістым голасам. За абабітымі дэрмацінам дзвярыма ракатаў начальніцкі бас. Асіпенка.

ракатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дробна, раскаціста гучыць. І зноў радасны ракатлівы гул праляцеў з аднаго краю плошчы ў другі. Гамолка. Гэта грае прыбой ракатлівы. Гэта буру ўзнімае арган. Пысін.

ракаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны супрацьстаяць раку ​2 (у 2 знач.). Ракаўстойлівы сорт бульбы.

ракачо́м, прысл.

Разм. Тое, што і ракам. Прыпёрты да сцяны Янушак ракачом шмыгнуў у бочку з-пад салідолу. Дайліда.

ра́кель, ‑я, м.

Тонкая стальная пласцінка з заточаным лязом, якой знімаецца фарба з прабельных элементаў друкарскай формы.

[Ням. Rakel.]

ра́кельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ракеля.

раке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

1. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і ўжываецца для феерверкаў і светлавых сігналаў. Усё вакол грымела і грукатала, ракеты асвятляла хмызняк і балота. Краўчанка. Дзесьці непадалёку ўжо ўзвіваліся сігнальныя ракеты нямецкіх патрулёў. Лынькоў.

2. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком. Лунай жа горда над усёй планетай, Як першы госць, як першы наш дазор, Імклівая касмічная ракета, Рубінавым святлом крамлёўскіх ясных зор. Хведаровіч. // Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай. Фугасная ракета.

3. Невялікае пасажырскае судна на падводных крылах.

•••

Балістычная ракета — ракета дальняга дзеяння, якая рухаецца па балістычнай траекторыі пасля спынення дзеяння рухавіка.

Глабальная ракета — ракета, здольная данесці баявы зарад у любы пункт зямнога шара.

Звышдалёкая ракета — міжкантынентальная ракета.

Ракета-зонд — беспілотная ракета з радыёперадатчыкам для перадачы навуковай інфармацыі з космасу або з вялікіх вышыняў на Зямлю.

Ракета-носьбіт — шматступеньчатая балістычная ракета для вывядзення ў космас штучных спадарожнікаў Зямлі, касмічных караблёў, аўтаматычных міжпланетных станцый і пад.

Ракета-спадарожнік — кіруемы ракетны баявы снарад, выведзены на арбіту спадарожнікам Зямлі.

[Іт. rocchetta.]

ракетабудава́нне, ‑я, н.

Вытворчасць ракет (у 2 знач.).