Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мазгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Разм. Думаць, узважваць, меркаваць. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны.

мазгаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Разумны, кемлівы, разважлівы. Мазгавіты хлопец [Віктар], з любога становішча знойдзе выхад. Васілёнак.

мазгавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да мозга (у 1 знач.), мозгу (у 4 знач.). Мазгавая абалонка. Мазгавы прыдатак.

мазгаўня́, ‑і, ж.

Разм. груб. Галава. І хрысціць кулак мазгаўню цвердалобую. Крапіва.

ма́зевы, ‑ая, ‑ае.

Які зроблены, прыгатаваны з мазі, з маззю. Мазевыя тампоны.

мазепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на мазь. Мазепадобны стан вадкасці.

мазжачо́к, ‑чка, м.

Аддзел галаўнога мозга, які знаходзіцца ў патылічнай частцы чэрапа пад вялікім мозгам і ўдзельнічае пераважна ў рэгуляцыі раўнавагі цела і каардынацыі рухаў.

мазі́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Пра таго, хто няўмела, дрэнна малюе, піша.

2. Пра таго, хто часта робіць промахі (у стрэльбе, гульні і пад.). — Эх, мазіла! Нават зблізку ў барыкаду не пападзе! Карпюк.

ма́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. мазаць (у 1 знач.).

ма́зкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мазкага.