грамавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да грому (у 1 знач.). Раз-пораз успыхвалі сіняватыя маланкі і перакочваліся з канца ў канец грамавыя ўдары. Лынькоў.
2. Вельмі моцны, аглушальны. Грамавы голас. Грамавое «ура».
грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.
грамада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́, ж.
1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадо́й. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.
2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.
грамадазна́вец, ‑знаўца, м.
Спецыяліст у галіне грамадазнаўства.
грамадазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грамадазнаўства. Грамадазнаўчыя навукі.
грама́дзіна, ‑ы, ж.
Разм. Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае; грамада. Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Колас. Вечар сыходзіў на горад, паветра цямнела, чорныя грамадзіны гор як бы прысунуліся бліжэй. Самуйлёнак.
грама́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Выглядаць грамадай, грамадзінай. Бягуць лясы, гаі, мяшаюцца палі, грамадзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі. Колас.
грамадзі́цца, ‑дзі́цца; незак.
Збірацца ў грамаду, размяшчацца грамадой (у 1 знач.). Моладзь, што грамадзілася пры дзвярах на сцэну, хутка расселася. Гартны.
грамадзя́нін, ‑а; мн. ‑дзяне, ‑дзян; м.
1. Чалавек, які адносіцца да пастаяннага насельніцтва краіны, карыстаецца правамі і выконвае абавязкі, устаноўленыя яе канстытуцыяй. Грамадзянін Савецкага Саюза.
2. Высок. Свядомы член грамадства, чалавек, які падпарадкоўвае асабістыя інтарэсы інтарэсам грамадства. Карл Маркс — грамадзянін свету.
3. Дарослы чалавек, мужчына, а таксама форма звароту да яго. — Вам што трэба, грамадзянін? — холадна звярнуўся да .. [фабрыканта] Саламон. Бядуля. [Дзяўчына:] Там адзін грамадзянін просіць прыняць яго без чаргі. Крапіва.
4. Уст. Жыхар горада, гараджанін.
грамадзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да грамадзянін.
грамадзя́нскасць, ‑і, ж.
Усведамленне сваіх правоў і абавязкаў у адносінах да дзяржавы; грамадзянская арганізаванасць і дысцынлінаванасць. Грамадзянскасць і патрыятызм ніколі не супрацьстаялі адно другому. «Полымя».