Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

горн, ‑а, м.

Медны духавы музычны інструмент для падачы сігналаў. Горн пераліўны Дзяцей будзіць рана. Нядзведскі. Зноў горн наш іграе, На збор заклікае; Хутчэй на лінейку ідзём. Журба.

[Ням. Horn — рог.]

го́рна,

Разм.

1. Прысл. да горны ​2.

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі прыгнечаны стан, у якім знаходзіцца хто‑н., перажываючы гора. І было самотна, надта было горна, Было многа крыўды, было многа слёз. Гурло. Пачынаюць думкі грызці — сумна, горна. Дзяргай.

горна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «горны ​1», напрыклад: горнастралковы, горнапрамысловы, горнатэхнічны.

горназаво́дскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да горных заводаў, горнай прамысловасці. Горназаводскі раён. Горназаводскія рабочыя.

горназаво́дчык, ‑а, м.

Капіталіст, уладальнік горнага завода.

горназдабыва́ючы, ‑ая, ‑ае.

Заняты здабычай карысных выкапняў. Горназдабываючая прамысловасць.

горналы́жнік, ‑а, м.

Спартсмен, які займаецца горналыжным спортам.

горналы́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лыжнага спорту ва ўмовах горнай мясцовасці. Горналыжны спорт. Горналыжная станцыя.

горнапрамысло́вец, ‑лоўца, м.

Капіталіст, уладальнік горных промыслаў.