Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

гні́сці і гніць, гнію, гніеш, гніе; пр. гніў, ‑ла, ‑ло; незак.

1. Разбурацца, станавіцца гнілым ад дзеяння мікраарганізмаў. Гніць у зямлі. □ На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі. [Леўчык] ніколі добра не з’еў, не знасіў добрай адзежыны, а ў самога свіран дабра гніе. Чарнышэвіч. // перан. Занепадаць, разлагацца. Сацыялістычная сістэма развіваецца, капіталістычная — гніе.

2. перан. Цярпець гора, мукі; гібець. Гніць у турме. Гніць у акопах.

гніццё, ‑я, н.

Разм. Тое, што і гніенне.

гніць,

гл. гнісці.

гноевыдзяле́нне, ‑я, н.

Выдзяленне гною (у 2 знач.).

гноевыдзяля́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гноевыдзялення. Гноевыдзяляльны працэс.

гноепагру́зчык, ‑а, м.

Машына для пагрузкі гною.

гноепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд гною (у 2 знач.). Гноепадобныя выдзяленні.

гноераскіда́льнік, ‑а, м.

Машына для раўнамернага растрасання, раскідвання гною.

гноецячэ́нне, ‑я, н.

Выцяканне гною (у 2 знач.). Гноецячэнне з вуха.

гной, гною, м.

1. Перапрэлая сумесь памёту свойскай жывёлы і подсцілу, якая служыць для ўгнаення глебы. Конскі гной. Вывозіць гной на палі.

2. Непрыемная на пах вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры запаленні іх. Перасаліў .. [кухар] страву, і князь.. ударыў яго два разы поўху, што і цяпер яшчэ ў благое надвор’е з вуха гной цячэ. Гарэцкі.