вузкаспецыялізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вузкую спецыялізацыю. Вузкаспецыялізаваная гаспадарка.
вузкаспецыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ўжываецца, мае пашырэнне ў адной якой‑н. вузкай спецыяльнасці. Вузкаспецыяльны тэрмін.
ву́зкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць вузкага (у 1–3 знач.).
ву́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую працягласць у папярочніку; проціл. шырокі. Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. // З меншай шырынёй, чым патрэбна, цесны. Вузкі праход. Вузкія дзверы. □ Прайшоўшы праз вузкае горла маста,.. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана егерам. Брыль. // Які аблягае, нешырокі (пра адзежу, абутак). Вузкі світэр.
2. перан. Які ахоплівае нямногае, нямногіх; нешматлікі. Вузкае кола спецыялістаў. Вузкая нарада. Вузкі асартымент. // Звязаны з якой‑н. абмежаванай сферай дзейнасці. Вузкі спецыяліст. □ [Камандзір:] — Працуйце ўрачом. Набывайце практычныя навыкі ў якой-небудзь вузкай галіне. Алешка.
3. перан. З абмежаванымі поглядамі, інтарэсамі; недалёкі. Вузкі кругагляд. Вузкі практыцызм. □ Калі ж сказаць праўду, то.. [Міхаль] ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі. Скрыган.
4. Які вымаўляецца пры нешырокім раскрыцці рота (пра галосныя гукі).
•••
Вузкае месца гл. месца.
вузлава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вузлы. Пастушок бег па вуліцы і паляскваў вузлаватаю пугаю. Чорны.
2. Які мае патаўшчэнні, бугры, наросты. Вузлаватыя вены. Вузлаватыя карані. Вузлаватыя пальцы. □ Каля іх [танкаў] паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары вузлаватае галлё. Мележ.
3. перан. Заблытаны, складаны. — Не хачу я, каб ты ішоў па маёй вузлаватай сцежцы. Кулакоўскі.
вузлавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які з’яўляецца месцам перакрыжавання, злучэння чаго‑н. Вузлавая чыгуначная станцыя.
2. перан. Асноўны, галоўны, самы істотны. Вузлавое пытанне. Вузлавы пункт супярэчнасцей.
3. Спец. Які ажыццяўляецца комплексна. Вузлавы метад рамонту машын.
•••
Вузлавое пісьмо гл. пісьмо.
вузлавяза́льнік, ‑а, м.
Спец. У тэкстыльнай вытворчасці — прыстасаванне, пры дапамозе якога звязваюцца канцы нітак на месцы разрыву. Аўтаматычны вузлавязальнік.
вузлавяза́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вязання вузлоў.