ге́тманства, ‑а, н.
Праўленне, улада гетмана. Перыяд гетманства Багдана Хмяльніцкага.
ге́тманшчына, ‑ы, ж.
1. Перыяд, калі на Украіне былі гетманы (16–18 стст.).
2. Контррэвалюцыйная ваенная дыктатура на Украіне ў 1918 г., якая была ўстаноўлена генералам Скарападскім, стаўленікам германскіх імперыялістаў.
ге́тры, ‑аў; адз. гетра, ‑ы, ж.
Від цёплай адзежы для ног, якая надзяваецца паверх абутку і закрывае нагу да калена або да шчыкалаткі. Хадзіў Крукер у шырокай клятчастай кепцы, у прасторным шэрым пінжаку, такіх жа штанах, запраўленых у чаравікі з гетрамі. Лынькоў.
[Фр. guêtre.]
гетэ́ра, ‑ы, ж.
1. У Старажытнай Грэцыі — адукаваная незамужняя жанчына, якая вяла свабодны, незалежны спосаб жыцця.
2. Кніжн. Жанчына лёгкіх паводзін.
[Грэч. hetáira — сяброўка, палюбоўніца.]
гетэраге́нны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з неаднолькавых, разнародных частак; проціл. гамагенны. Гетэрагенная сістэма.
[Ад грэч. heterogenēs — разнародны.]
гетэро́зіс, ‑у, м.
Спец. Павышаная жыццяздольнасць і прадукцыйнасць першага пакалення гібрыдаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі.
[Ад грэч. heteróiōsis — змена, пераўтварэнне.]
гетэро́зісны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да гетэрозісу. Гетэрозісныя формы.
гешэ́фт, ‑у, М ‑фце, м.
Разм. уст. Спекуляцыйная, выгадная здзелка. Спрытнаму на розныя махінацыі і гешэфты, Хурсу добра шанцавала. Ён удала вёў гандаль свіннямі, меў вялікія барышы. Кудраўцаў.
[Ням. Geschäft.]
гзымс, ‑а, м.
Абл. Карніз. Цяпер галубоў не відно, — спяць і яны, затуліўшыся недзе на гзымсах. Брыль. Запаліла [маці] на гзымсе газоўку. Палахліва пабегла святло. Глебка.
гі́бель, ‑і, ж.
1. Поўнае разбурэнне, спыненне існавання (пры катастрофе, бедстве, наўмысным знішчэнні і пад.). Гібель Пампеі. Гібель парахода. // Гвалтоўная заўчасная смерць. Трагічную гібель Кацярыны, якая не хацела скарыцца «цёмнаму царству» самадурства, паказаў геніяльны рускі драматург Астроўскі. Бярозкін.
2. у знач. вык., чаго. Разм. Вялікая колькасць, мноства. [Марыля:] Скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель. Купала.
•••
На краі гібелі гл. край.
Да гібелі — вельмі многа.