Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разьбо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да разьбы (у 3 знач.), які мае разьбу, нарэзку. Разьбовае кальцо.

2. Які служыць для нарэзкі разьбы. Разьбовы разец. // Прызначаны для вымярэння, праверкі разьбы. Разьбовы калібр. Разьбовы мікрометр.

разьбя́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і разны (у 2 знач.). Разьбяныя аканіцы. □ Сцены былі ўвешаны палотнамі ў рамах з залачонага багету, залы ўстаўлены скульптурнымі і разьбянымі работамі. Скрыган. Сані стаялі каля даволі вялікай хаты з прыгожымі ўзорнымі аканіцамі і разьбяным ганкам. Васілёнак.

разьбя́р, ‑а, м.

1. Майстар па мастацкай разьбе. Пры Аружэйнай палаце працавала і вялікая група беларускіх разьбяроў. «Звязда». Да крыжа была прыбіта фігурка Хрыста, зробленая з дрэва невядомым разьбяром. Колас.

2. Уст. Скульптар.

разьбя́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мастацкай разьбы, прызначаны для разьбы. Разьбярныя работы. Разьбярны інструмент.

разьбя́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разьбяра, разьбяроў. Разьбярская рука. Разьбярскае майстэрства.

разьбя́рства, ‑а, н.

Разьбярская справа. А па баках [сцэны] таксама ўзоры .. разьбярства [Чарэпкі]: рабочы высока ўзняў молат па-над зямлёй... Барашка. Знойдзеная іконка — сапраўдны шэдэўр разьбярства па каменю — сведка сувязі Полацка з Візантыяй. Штыхаў.

разьбя́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Займацца мастацкай разьбой.

раз’ю́шанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан раз’юшанага.

раз’ю́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’юшыць.

2. у знач. прым. Які ашалеў ад злосці, раз’ятраны, разлютаваны. Раз’юшаны звер. □ Злы, раз’юшаны, са сцятымі зубамі, з ссунутымі брывамі пераступіў .. [войт] парог свае хаты. Колас. Раз’юшаная, ашалелая ад рэўнасці жанчына стукае з усяе сілы ў дзверы. «Полымя». Раз’юшаны .. бугай .. прыпёр хлопчыка да дуба, узняў высока на рогі і кінуў вобзем. Краўчанка. // Які адлюстроўвае крайняе ўзбуджэнне, шаленства. Прычыніўшы за сабою дзверы, .. [Понтус] шукаў раз’юшанымі вачыма жонкі. Карпаў. // перан. Шалёны, неўтаймаваны. Як толькі мы выйшлі за браму, раз’юшаны вецер наляцеў на нас, закідваючы калючай снежнай трухой. Асіпенка.

раз’ю́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раз’юшыцца.

2. Зал. да раз’юшваць.