Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мернага (у 1, 3 знач.).

ме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Рытмічны, роўны. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслух[оў]ваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец. Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты. Колас.

2. Які служыць для вымярэння чаго‑н. Мерны ланцуг. Мерная рэйка.

3. Разм. Сярэдні па сіле, памерах. Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы. Колас.

мерсерызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. да мерсерызаваць.

мерсерызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да мерсерызаваць.

мерсерызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Спец. Зрабіць (рабіць) мерсерызацыю.

мерсерыза́цыя, ‑і, ж.

Спец. Апрацоўка пражы растворам едкага натру для павышэння яе моцнасці і шаўкавістасці.

[Ад імя хіміка Джона Мерсера.]

мерсі́, часціца.

Разм. уст. Дзякуй.

[Фр. merci.]

ме́рці, мру, мрэш, мрэ; незак.

Разм. Гінуць, паміраць. Высахла папараць, паўставала з зямлі, прычасалася; цяпер яна зусім маладая, бы і не мерла, а толькі змяніла свой колер на зіму. Пташнікаў.

мерыдыя́н, ‑а, м.

У геаграфіі — уяўная лінія, якая, праходзячы па паверхні Зямлі, злучае абодва полюсы і перасякае экватар пад прамым вуглом.

•••

Магнітны мерыдыян — вертыкальная плоскасць, якая праходзіць праз магнітную вось стрэлкі ў дадзеным месцы зямной прасторы.

Нябесны мерыдыян — вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зеніт, адкуль вядзецца назіранне.

[Ад лац. meridianus — паўдзённы.]

мерыдыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мерыдыяна. // Які ідзе ў напрамку мерыдыяна, па мерыдыяну. Мерыдыянальная лінія.

[Лац. meridionalis.]