гразі́шча, ‑ы, ж.
Разм. Вялікая гразь, многа гразі.
гра́зка,
1. Прысл. да гразкі.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць гразі дзе‑н. На дварэ гразка.
гра́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты граззю. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі. Краўчанка.
2. Багністы, топкі, вязкі. — Асцярожней, там глыбока і дно гразкае, — крыкнуў Паходня. Хадкевіч.
гра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. граз, гразла; незак.
Апускацца ў што‑н. гразкае, топкае. Ногі правальваліся скрозь мох, гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Разведчык пад’ехаў і далажыў, што далей ехаць нельга — дарога пайшла праз дрыгву, коні гразнуць з першых крокаў. Пестрак.
гразь, ‑і, ж.
1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.
3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.
4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.
•••
Абліць граззю гл. абліць.
Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.
Зарасці граззю гл. зарасці.
Затаптаць у гразь гл. затаптаць.
Змяшаць з граззю гл. змяшаць.
Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.
Як гразі чаго — вельмі многа.
грай, граю, м.
Разм. Моцны птушыны крык; карканне. Вясною Дыхае зямля, І п’юць сады Цяпло блакіту. Птушыны грай Чуваць здаля, На ўзгорках Зелянее жыта. Дзеружынскі. Зноў чуваць у нашым краі Грай прадвеснікаў-гракоў, Весела вясна іграе На цымбалах ручайкоў. Смагаровіч.
грак, ‑а, м.
Пералётная птушка сямейства воранавых з чорным блішчастым апярэннем. Прыгадаўся [Лабановічу] і стары млын, гнілое возера каля яго, алешнік над возерам, густа затканы гнёздамі грахоў, і несціханы іх крык. Колас.
гра́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Упасці з моцным шумам, грукатам. Гракнуцца аб падлогу.
гра́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Грукнуць, грымнуць, бразнуць. Гракнуў пярун. Гракнуць вядром аб падлогу.