меркава́ць, мяркую, мяркуеш, мяркуе; незак.
1. Гаварыць, разважаць, абмяркоўваючы што‑н.; думаць. Доўга сядзелі Глушкевіч з Нічыпарам пры лямпе, доўга меркавалі, дзе і што будаваць. Дуброўскі. [Карніцкі:] — Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагуль[ва]ць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Паслядовіч.
2. Рабіць якія‑н. вывады, дапушчэнні, здагадкі. Паводле слоў самога доктара можна было меркаваць, што вельмі многія яго таварышы працуюць у вялікіх гарадах. Васілевіч. Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два амаль не выходзіў з свае зямлянкі. Што ён там рабіў — таксама ніхто дакладна не ведаў. Кожны меркаваў па-свойму. Шамякін. // Лічыць неабходным, найбольш магчымым, патрэбным. — Самі ўжо мяркуйце, што рабіць: пакараць ці дараваць волю... Васілевіч. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.
3. Мець намер, план. У самыя бліжэйшыя дні Сяргей меркаваў узяцца за складанне глебавай карты калгаса. Шахавец. Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.
4. Ацэньваць якім‑н. чынам, рабіць заключэнне. [Апейка:] — Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што і як вы будзеце рабіць... Мележ. [Камандзір:] — Яно-то праўду гавораць, што па знешняму выгляду нельга меркаваць аб сіле чалавека. Шамякін.
5. Разм. Прымяраць, прыкідваць. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых.
меркантылі́зм, ‑у, м.
1. Эканамічная тэорыя і палітыка ўрада, якая існавала ў Еўропе ў 16–18 стст., заснаваная на тым, што дабрабыт краіны залежыць быццам бы не ад развіцця вытворчасці, а ад перавагі вывазу тавараў з краіны над прывозам і накаплення грашовых капіталаў.
2. перан. Кніжн. Схільнасць да нажывы, гандлярства.
[Фр. mercantilisme ад іт. mercante — гандаль.]
меркантылі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паслядоўнік меркантылізму.
меркантылісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да меркантылізму. Меркантылістычная палітыка.
меркантылі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да меркантыліста, меркантылістаў. Меркантылісцкія погляды.
мерканты́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць меркантыльнага (у 2 знач.).
мерканты́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы меркантылізму (у 1 знач.).
2. перан. Кніжн. Да дробязі ашчадны, своекарыслівы.
ме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. меркнуў, ‑нула і мерк, ‑ла; незак.
1. Траціць паступова яснасць; цямнець. У прагаліне паміж дрэў відно было неба. Яно меркла і з кожнай секундай здавалася глыбейшым. Чорны. Водбліскі ад агню то ўспыхвалі, то раптам мерклі, знікалі, праглынутыя цемрай ночы. Лынькоў.
2. перан. Траціць сілу, значэнне; слабець. Мінаюць гады, а веліч нашай рэвалюцыі не меркне. «ЛіМ». У яго [Стафанковіча] душы меркла і траціла сэнс усё іншае, што жыло ў людзях і не належала да тых спраў, якія поўнілі ўсю яго істоту. Чорны.
мерла́н, ‑а, м.
Рыба сямейства трасковых, якая водзіцца ў прыбярэжнай зоне Еўропы.
мерлу́за, ‑ы, ж.
Марская драпежная рыба сямейства трасковых, якая мае прамысловае значэнне.