ме́ргель, ‑ю, м.
Асадкавая горная парода, якая складаецца з кальцыту або даламіту і гліністых мінералаў.
[Ням. Mergel.]
ме́ргельны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мергелю.
мерзлата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.
Прамёрзлая глеба; прамёрзлы стан глебы. Вечная мёрзлага.
мерзлатазна́вец, ‑знаўца, м.
Спецыяліст у галіне мерзлатазнаўства.
мерзлатазна́ўства, ‑а, н.
Навука, якая вывучае вечную мерзлату.
ме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мёрз, мерзла; незак.
1. Рабіцца вельмі халодным, калець, дубець; моцна адчуваць холад. Ад доўгага стаяння на месцы ў Міці пачалі мерзнуць ногі. Навуменка. — Падлівай цёплай вады, ато бо, яшчэ маці завецца! — дзіця мерзне, а яна і не дбае, — нездаволена камандавала бабка. Васілевіч.
2. Гінуць ад марозу, вымярзаць. Не мерзнуць кветкі ў цяпле. Аўрамчык.
ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.
2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.
3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.
4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.
5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.
•••
Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.
Мераць усіх адной меркай гл. мераць.
меркава́нне, ‑я, н.
1. Думка, погляд. Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Шыцік. — Чалавек як прывыкне да дамашняй стравы, дык яго хоць у рэстараны завядзі — не наесца, — выказаў сваё меркаванне Казлюк. Няхай. // Вынік роздуму. Вера Антонаўка коратка пазнаёміла выпускніцу з двума меркаваннямі камісіі. Васілевіч.
2. Разлік, дапушчэнне. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Партызаны выказвалі свае меркаванні пра тое, што магло здарыцца з Мікалаем Мікалаевічам. Сіняўскі.
меркава́цца, мяркуюся, мяркуешся, мяркуецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець у якасці намеру, разліку на будучае; намячацца. Верамейчык расказаў, якім чынам калгас дасягнуў высокіх ураджаяў і як далей мяркуецца развіваць гаспадарку. Дуброўскі. Сельскі савет перайшоў у новы будынак — меншы — на сярэдзіну вёскі, а стары, вялікі, меркаваўся пад клуб. Пестрак.
2. Жыць у згодзе, мірыцца. — Вядома, бацькаўшчыны шкода, — Сказаў Антось у тоне згоды: — Але ж і трэба меркавацца І аднаго чаго трымацца. Колас.
3. Раіцца. Тут .. [хлопцы] зноў пачалі меркавацца, каму лезці, а каму збіраць яблыкі. Шахавец. — Я табе, сынку, скажу. Я меркаваўся з маткаю.. Мы з маткаю дамо рады і даўгам і зямлі. Чорны.