Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

увахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прызначаны, служыць для ўваходу. Уваходныя дзверы. □ Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.

2. Які дае права на ўваход куды‑н. Уваходны білет.

3. Атрыманы ўстановай (пра дакументы, карэспандэнцыю і пад.); проціл. выходны. // у знач. наз. увахо́дная, ‑ай, ж. Дзелавы дакумент такога тыпу.

увачаві́дкі, прысл.

1. Хутка, на вачах. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч. Па стрэхах хат .. снег ужо растае і салома падсыхае ўвачавідкі. Брыль. Увачавідкі раслі новыя вёскі, людзі вылазілі з гіблых зямлянак, спраўлялі наваселлі. Дуброўскі. Марыва туману ўвачавідкі рабілася празрыстым, пачало паступова раставаць. Краўчанка. // Імгненна. Твар старшыні ўвачавідкі наліваўся крывёю. Сабаленка. Збялеў хлапец увачавідкі. Бачыла.

2. Сваімі вачамі, асабіста; наглядна. Упэўніцца ў праўдзе ўвачавідкі. □ Сяляне ўвачавідкі ўбачылі, што грамадой ім [пад сілу] любая задача. Навуменка. І вось цяпер, перагортваючы старонкі старых блакнотаў, нібы ўвачавідкі бачыш тыя незабыўныя сустрэчы. Дадзіёмаў.

уваччу́, прысл.

У вачах. Уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці. Колас. Гаварылі доўга. У Рудзянкі аж цямнела ўваччу. Новікаў.

уве́даны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уведаць.

уве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Атрымаць, сабраць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. Дарэчы, аб смерці мне прыйшлося ўведаць на наступны вечар. Даніленка. — Мама, як вы можаце так гаварыць, не ўведаўшы чалавека? — А ты глядзі мне, а то ўведаеш, ды позна будзе... Паўлаў. — Што ўведалі новае пра Паддубнага? — спытаў .. [Злобіч], заглянуўшы ў палатку начальніка штаба. М. Ткачоў. [Тодзік:] — Мой бацька .. узрадаваўся, калі ўведаў, што мы згаварыліся пажаніцца. Чорны. // Выведаць што‑н. Ушыўся [Пракапчук] у гурт людзей, каб што-небудзь пачуць пра поезд. Але нічога пэўнага не ўведаў. Сабаленка. Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам і не ўведала! Мележ. // Дазнацца. [Іванчанка:] Люба!.. Клянуся табе, мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці. Кучар. [Уладзімір Андрэевіч:] — Пазней колькі ні спрабаваў дазнацца, як склаўся ягоны [Цярэнція] лёс, але нічога не ўведаў. Кухараў.

2. і з дадан. сказам. Набыць веды адносна чаго‑н.; пазнаць што‑н. Афіцыйная навука, ды яшчэ — семінарская,.. не магла .. даць [Адаму Ягоравічу] і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што ўзяў ад кнігі. М. Стральцоў. За кароткі час хлапчук уведаў амаль усе гатункі яблынь, груш. Пальчэўскі. Усё, што ні стрэнецца дзеду, Уведаць яму так цікава. Колас. // Атрымаць належнае ўяўленне аб кім‑, чым‑н.; выявіць сутнасць чаго‑н. Будзе час таму-сяму навучыцца [Галі] ў старога брыгадзіра, падумаць, уведаць людзей, убачыць брыгадную гаспадарку. Ермаловіч. [Антанюк:] — Каб ты сама стала маці, То ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Шамякін.

3. Праверыць, зведаць на ўласным вопыце; зазнаць, перажыць. А Вера ўжо адчула, уведала смак нялюбай работы. Дуброўскі. Пасля, пад націскам ворага .. [хлопец з Дона] адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому і палону. Брыль. // і з дадан. сказам. У форме буд. часу ўжываецца пры выказванні пагрозы. [Аня:] — Ты яшчэ ўведаеш, якая я! Карпюк.

4. каго. Убачыць каго‑н., пазнаёміцца з кім‑н. Не ўведаў Іван свайго сына, што ўжо нарадзіўся без яго... Місько.

уве́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. уведваць — уведаць (у 2 знач.).

уве́двацца, ‑аецца; незак.

Зал. да уведваць.

уве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уведаць.

уве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увесці.

уве́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увезці.