набру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Напэцкаць; насмеціць, нанесці бруду.
набру́шнік, ‑а, м.
Павязка, накладка на жывот, якая служыць для цяпла або аховы ад удараў.
набру́шны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца на жываце. Набрушны слой тлушчу. // Які носіцца па жываце. Набрушны бандаж.
на́брыдзь, ‑і, зб., ж.
Абл. пагард. Зброд. Вой ідзе! Не ўгаворамі Ачышчаецца ад набрыдзі планета. Зуёнак.
набрыня́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад набрыняць.
2. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. Стэпы дыхалі гаркавата-п’яным чадам вясны і вільгаццю набрынялай зямлі. Грахоўскі. У ярах, на ўзлесках сям-там ляжалі лапіны набрынялага бурага снегу. Алешка.
3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме, стаў гатовым да таго, каб распусціцца. Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч.
набрыня́ць, ‑яе; зак.
1. Набраўшыся вільгаці, вадкасці, павялічыцца ў аб’ёме. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. Лёд на рацэ набрыняў, зламаліся на ім і запоўніліся вадой пракладзеныя людзьмі сцяжынкі. Хадкевіч. // Наогул прасякнуць вільгаццю, вадкасцю. Штаны і ватоўка адразу ж набрынялі вадою і пачарнелі. М. Ткачоў. [Ігнацюк] гнаў аўтобус, гледзячы толькі наперад. Бінт на руцэ збіўся, набрыняў крывёю. Хомчанка.
2. Тое, што і набухнуць (у 1 знач.). Стаяла вясна. Яшчэ не распусціліся клейкія бярозавыя лісточкі, а пупышкі ўжо набрынялі. Даніленка.
набрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. набраў, ‑брыла, ‑ло; зак.
1. на каго-што і без дап. Ідучы, выпадкова на каго‑, што‑н. наткнуцца, натрапіць, убачыць каго‑, што‑н. Неяк пад восень, на тарфяным балоце, ноччу .. [Казя] набрыла на поўную вады [яму]... Брыль. І ў цяньку пад плотам я набрыў на хлопчыка, які соладка спаў. Пестрак. — Хадзем адсюль, а то яшчэ хто набрыдзе, сорамна будзе, — сказала Галя. Сабаленка. // перан.; без дап. З’явіцца, узнікнуць. Зноў набрылі тыя неспакойныя думы: а каб чаго не выйшла? Броўка.
2. безас. Разм. Прыйсці ў нейкай колькасці. Украінцаў тут гурма Й Старобінцаў нашых Набрыло, як на кірмаш, На багнаву пашу. Купала.
набудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., чаго.
Пабудаваць у вялікай колькасці. [Кацярына:] — Гэта ж я тут тры гады таму назад на торфе рабіла. Завербавалася і першы раз у жыцці выехала з.. вёскі сюды на заработкі. А цяпер вось пасёлка і не пазнаць. Столькі тут набудавалі. Сапрыка.
набурча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм. Уволю, многа пабурчаць.