мазаі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мазаічнага (у 2 знач.). Рыхласць кампазіцыі стварае ўражанне мазаічнасці, раскіданасці асобных эскізных малюнкаў. «Полымя».
мазаі́чнік, ‑а, м.
Майстар мазаікі; мазаіст.
мазаі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мазаікі (у 1, 2 знач.). Мазаічная майстэрня. Мазаічныя работы. // Зроблены з мазаікі, з мазаікай. Мазаічны партрэт. Мазаічныя калоны. □ Унізе вялікая падзямельная зала, абліцаваная белым мармурам, аздобленая беларускім арнаментам і мазаічнымі карцінамі з жыцця Беларусі. Дубоўка.
2. перан. Які складаецца з разнародных элементаў. Мазаічны натоўп. Мазаічная тэорыя.
3. Які мае адносіны да мазаікі (у 3 знач.). Мазаічная хвароба. // Паражоны мазаікай (у 3 знач.). Мазаічны ліст. Мазаічны плод.
мазані́на, ‑ы, ж.
Разм. Што‑н. нядбайна напісанае ці намаляванае; мазня. Не малюнак, а мазаніна.
ма́занка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Хата, пабудаваная з гліны або з абмазаных глінай цэглы, дрэва. Цягнік спыніўся на маленькай станцыі і скора рушыў далей, пакінуўшы Алаізу і яшчэ некалькі пасажыраў ля белых мазанак з садочкамі, з гародчыкамі кветак. Арабей.
ма́занне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. мазаць (у 1 знач.).
мазану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Тое, што і мазнуць.
ма́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад мазаць (у 1 і 2 знач.).
2. у знач. прым. Брудны, запэцканы.
3. у знач. прым. Глінабітны. К вечару паабапал замігцелі ў кучаравых вішнёвых садках белыя мазаныя хаты. Б. Стральцоў.
•••
Адным мірам мазаны — пра людзей з аднолькавымі адмоўнымі ўласцівасцямі.
ма́зацца, мажуся, мажашся, мажацца; незак.
1. Мазаць сябе чым‑н. тлустым або вадкім; націрацца. Мазацца крэмам. // Разм. Фарбавацца, грыміравацца.
2. Разм. Рабіцца брудным, пэцкацца. Калі ўзяў [Сідар] вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба надта мажацца.
3. Зал. да мазаць (у 1, 2 знач.).
ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.
1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.
2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.
3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.
4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.
5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.