газыры́, ‑оў; адз. газыр, ‑а, м.
Гнёзды для патронаў, нашытыя радамі на грудной частцы чэркескі.
гаі́цца, гоіцца; незак.
1. Зажываць, залечвацца (пра рану, нарыў і пад.). Пазбіралі пер’я, пуху, Каб шпаку цяплей было, Каб было заўсёды суха, Каб гаілася крыло. Грахоўскі. // перан. Сцішацца, супакойвацца (пра душэўны боль, пачуццё крыўды). Дзіцячае сэрца хутка гоіцца.
2. Зал. да гаіць.
гаі́ць, гаю, гоіш, гоіць; незак., што.
Залечваць якое‑н. пашкоджанне на целе. Гаіць рану. // Быць сродкам лячэння, мець лекавыя якасці. Многія травы гояць раны. // перан. Супакойваць, сцішаць душэўны боль, пачуццё крыўды і пад. Пацалункі твае Ап’янялі мяне І гаілі душэўныя раны. Журба. Час — надзейны сродак ад усялякага гора. Ён і слёзы высушвае і раны гоіць. Гроднеў.
гай, ‑ю, М аб гаі і ў гаі, м.
Невялікі лес, звычайна лісцёвы; дуброва. За полем пачынаўся гай з густога алешніку і бярэзніку. Якімовіч. Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся на беразе Нёмана. Колас.
гайда́, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца як загад або заклік ісці куды‑н.: пойдзем, ідзі(це). — Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены, — сказаў Лабановіч. — Гайда, хлопцы, у дарогу! Колас. // Ужываецца для абазначэння хуткага руху, дзеяння: паспяшаўся, паехаў, пайшоў і пад. Аканом пабачыў, што [з сялянамі] ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. Чарот.
гайда́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гайдання. Гайдальныя рухі.
гайдама́к, ‑а, м.
1. Удзельнік народна-вызваленчай барацьбы на Правабярэжнай Украіне і поўдні Беларусі супраць польска-шляхецкага прыгнёту ў 18 ст.
2. Салдат асобых конных часцей контррэвалюцыйнай Цэнтральнай украінскай рады, а таксама розных контррэвалюцыйных атрадаў Пятлюры і Скарападскага ў перыяд грамадзянскай вайны 1918–20 гг. І вось разбіты гайдамакі, Пятлюра ледзь уцёк. Броўка.
[Тур. haydamak.]
гайдама́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гайдамака (у 1, 2 знач.). Гайдамацкае войска.
гайдама́ччына, ‑ы, ж.
Паўстанскі рух на Правабярэжнай Украіне і поўдні Беларусі супраць польска-шляхецкага прыгнёту ў 18 ст.
гайда́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Няроўны, неспакойны ход судна, самалёта, машыны і пад. у час руху. Баранцава мора вельмі неспакойнае, асабліва цяпер, увосень. Як толькі наш параход увайшоў у яго воды, пачалася гайданка. Бяганская. Гайданка аўтобуса не перашкаджае жанчынам гаварыць і гаварыць. Кавалёў.