унармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.
Прывесці да нормы. Унармаваць напісанне ўласных імён.
унармо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да унармаваць.
унасі́ць, унашу, уносіш, уносіць; зак., каго-што.
Унесці ўнутр чаго‑н. усё, многае ў некалькі прыёмаў. Унасіць усе дровы ў павець.
унасле́даванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. унаследаваць.
унасле́даваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад унаследаваць.
унасле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
1. Спец. Успрыняць ад бацькоў, продкаў якія‑н. рысы. Дзеці ўнаследавалі колер вачэй маці.
2. Запазычыць, узяць у папярэднікаў як спадчыну (у 2 знач.). Унаследаваць алфавіт. □ [Дзеці] ўнаследуюць ад свайго бацькі нянавісць да фашызму, як унаследаваў нянавісць да ўсяго антычалавечага сам Ісай Казінец ад свайго бацькі. Новікаў.
уначы́, прысл.
Тое, што і уночы. Уначы чуліся нейкія гукі, тупат, нібы грукат, але змораныя людзі нічога не чулі і праспалі спакойна. Маўр.
ундзі́на, ‑ы, ж.
У павер’ях сярэдневякоўя — дух вады ў вобразе жанчыны; русалка, наяда.
[Ад лац. unda — хваля.]
унепрыкме́тку, прысл.
Абл. Непрыкметна, ціхенька. Ён прыйдзе, як уцямнее, І засаўку ўнепрыкметку Галінкай адсуне неяк — Не ўчуе нават суседка. Барадулін.
уне́сены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад унесці.