шытво́, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. шыць (у 1, 3 знач.).
2. Тое, што шыюць ці сшытае. Да Платона падышла яго Марыя з нейкім шытвом у руках і села побач на прызбе. Пестрак. На стале, што быў паміж вокнаў, ляжала новае шытво: зажыўленая простай ніткай ватоўка і яшчэ нейкая адзежына. Чыгрынаў.
шы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыць.
2. у знач. прым. Зроблены, выраблены шыццём; сшыты. Ты вострым плугам Рэзаў дзірваны. Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў. З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Маўр.
•••
Не лыкам шыты — пра чалавека, не пазбаўленага здольнасцей, ведаў, умення трымаць сябе і пад.
Шыта белымі ніткамі — няўмела, няўдала, дрэнна скрыта, схавана што‑н.
Шыта-крыта — скрытна, патаемна ад іншых, у поўнай тайне (застаецца, робіцца і пад.).
шыўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які служыць для сшывання, змацавання чаго‑н. Шыўныя ніткі.
2. Які мае выгляд шва. Шыўная зварка.
шыфанье́р, ‑а, м.
Шафа для бялізны, адзення. Кватэру нам добрую далі, і абсталяваліся мы неяк адразу. Купілі ложак, тахту добрую, шыфаньер. Сапрыка.
[Фр. chiffonier.]
шыфанье́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Тое, што і шыфаньер.
шы́фер, ‑у, м.
1. Чорны або шэры гліністы сланец. Здабыванне шыферу.
2. Будаўнічы матэрыял у выглядзе плітак або лістоў з такога сланцу, які ўжываецца для пакрыцця даху. Будуць узводзіць другі паверх [будынка], затым ставіць кроквы, каб заўтра шыферам накрыць. Гроднеў. На страсе цесля Лявон клаў апошнія аркушы шыферу. Дубоўка.
[Ням. Schiefer.]
шы́ферны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шыферу (у 1 знач.); складаецца з шыферу. Шыферныя распрацоўкі. // Які зроблены з шыферу. Шыферны дах.
2. Які вырабляе шыфер (у 2 знач.). [Івана Кузьміча] цягнула дамоў, на родны цэментна-шыферны камбінат, да любімых гігантаў — вярчальных печаў. М. Ткачоў. // Пакрыты шыферам. Чародка хат пад шыфернымі стрэхамі на ўзгорку хутка схавалася за бярозавым узлессем. Савіцкі.
шыфо́н, ‑у, м.
Тонкая баваўняная або шаўковая тканіна.
[Ад фр. chiffon — ануча.]
шыфо́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шыфону; пашыты, зроблены з шыфону. У белай шыфонавай кофтачцы і яркай, знарок пашытай для дачы, паркалёвай сіняй спадніцы .. [Вера] здавалася зграбнай, маладой. Карпаў.
шыфр, ‑у, м.
1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.
2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.
[Фр. chiffre.]