Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Рэжучы, раздзяліць на часткі, кавалкі. Як дарослы, [хлапчук] узяў з паліцы, з-за занавеска, бохан хлеба, разрэзаў вялікім нажом напалам, палавіну аддаў Шуру... Навуменка. У хаце Аня ўзяла са стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, пачала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінту. Мележ. // Рэжучы, раздзяліць (старонкі кнігі, часопіса і пад.). Разрэзаць часопіс. // перан. Рассекчы (паверхню вады, паветра і пад.). Разрэзаць плынь ракі. □ Канчук .. са свістам разрэзаў паветра. Мурашка.

2. Падзяліць, расчляніць што‑н. на часткі. Франкісты стараліся авалодаць гэтай дарогай, каб разрэзаць рэспубліканскія часці. Кухараў.

3. Зрабіць надрэз на чым‑н. Разрэзаць нарыў. // Пашкодзіць чым‑н. вострым; парэзаць. Аб цвік, якім жалеза было прыбіта к тронку, [Сашка Стафанковіч] разрэзаў палец. Чорны.

разрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрэзваць — разрэзаць.

разрэ́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да разрэзваць.

разрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разрэзаць.

разрэкламава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разрэкламаваць.

разрэкламава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.

Разм. Шырока рэкламуючы, зрабіць вядомым. Разрэкламаваць тавар.

разува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разуцца.

2. Зал. да разуваць.

разува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разуць.

разуда́лы, ‑ая, ‑ае.

Такі, для якога няма нічога страшнага, немагчымага; удалы, хвацкі. Наогул жа, Нічыпар быў хлопец разудалы, жывы, бойкі. Колас. // Задорны, заліхвацкі. Зварухнуўся Лявон, як вада, як агонь, Пазнаў сілу ў сабе небывалую; Ужо бяда — не бяда, Ужо нуда — не нуда, Запеў песні свае разудалыя. Купала.

разузнава́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; ‑знаем, ‑знаяце.

Незак. да разузнаць.