ганара́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ганарару. Ганарарныя сродкі. Ганарарны фонд.
ганарлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць ганарлівага (у 2 знач.). Як змяніўся.. [Данік]!.. Знікла наіўная дзіцячая самазадаволенасць, ганарлівасць. Лупсякоў.
ганарлі́вец, ‑ліўца, м.
Ганарысты, фанабэрысты чалавек. [Хірургу] не раз хацелася кінуць папрок гэтаму ганарліўцу, якога ён адваяваў у смерці, але кожны раз яго спрактыкаваны розум раіў маўчаць. Васілевіч.
ганарлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Перакананы ў сваёй вартасці, годнасці; горды. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны. [Галіна], ганарлівая і прыгожая, пазірала на людзей і ішла, высока ўзняўшы сцяг. Галавач.
2. Ганарысты, фанабэрысты. Іван — малады яшчэ хлопец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Па натуры .. добры, не ганарлівы, бо з людзьмі размаўляе ахвотна і ветліва. Кулакоўскі. // Які выражае гонар (у 2 знач.), поўны гонару. Ганарлівая ўсмешка. Ганарлівая самаўпэўненасць. □ — Жахліва, жахліва! — паўтараў.. [Вейс] і схіляў галаву. Куды падзелася ганарлівая звычка пазіраць на ўсіх з высока ўзнятай галавой? Лынькоў.
ганарлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.
Жан. да ганарлівец.
ганаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які карыстаецца пашанай; пачэсны. Ганаровы госць.
2. Які даецца, прысвойваецца за вялікія заслугі. Ганаровая грамата. Ганаровае званне. // Які выбіраецца ў знак павагі, пашаны. Ганаровы прэзідыум. Ганаровы старшыня. // Які з’яўляецца выражэннем гонару, праводзіцца ў знак павагі. Ганаровая варта. Ганаровы прыём.
3. Які робіць гонар каму‑н. Ганаровае прызначэнне. Ганаровы абавязак. Ганаровая смерць. // Які не парушае годнасці каго‑, чаго‑н. Ганаровы мір.
ганары́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ганарыстага; пагардлівасць, фанабэрыстасць, самаўпэўненасць. Маёру ўспомнілася, як на нядаўнім партыйным сходзе гэтыя ж самыя работнікі бязлітасна і жорстка крытыкавалі капітана за задавацтва, ганарыстасць. Асіпенка.
ганары́сты, ‑ая, ‑ае.
Які пагардліва ставіцца да людзей, лічыць сябе лепшым за іншых; фанабэрысты, самаўпэўнены. Ехалі ўладары багаццяў, біржавікі-спекулянты, іх слугі — гвардзейцы і ўрадавыя чыноўнікі, іх каханкі — ганарыстыя выпеставаныя арыстакраткі. Самуйлёнак. Рыгорка — хлопчык здольны і вельмі ганарысты. Колас. // Які выражае пагарду. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула яе [Чэсі] румяныя вусны. Брыль.
ганары́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. кім-чым і са злучн. «што». Усведамляць, адчуваць гонар (у 2 знач.). Адным заўсёды ганаруся, Што я — савецкі чалавек. Астрэйка. Ганаруся нашым часам, З кожным днём мацнеюць справы — Ёсць у нас цяпер калгасы, У якіх нямала славы. Броўка.
2. Быць ганарыстым; задавацца, выхваляцца.