Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шырокагабары́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае шырокія габарыты, вялікі ў шырыню. Шырокагабарытныя машыны.

шырокадасту́пны, ‑ая, ‑ае.

Які даступны, зразумелы многім людзям. Шырокадаступная літаратура. // Даступны для ўсіх па цане. Шырокадаступныя тавары.

шыроказахо́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае рабочыя часткі з шырокім захопам (пра сельскагаспадарчыя машыны). Шыроказахопны камбайн. □ Самаходнай.. [сенакасілка] завецца таму, што рухаецца самастойна, без дапамогі трактара, шыроказахопнай — за вялікую шырыню паласы, на якой зрэзвае траву. «Беларусь».

шырокакале́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шырокую чыгуначную каляю. Шырокакалейнае чыгуначнае палатно.

2. Які прызначаны для язды па чыгунцы з шырокай каляёй. На пуці чакае нас шырокакалейны вагон з дошкамі, а побач — пусты вагон вузкай каляі. Карпюк.

шырокакасцявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае шырокія косці (пра чалавека з шырокім касцяком).

шырокарадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з выкарыстаннем шырокіх міжрадкоўяў пры сяўбе некаторых сельскагаспадарчых культур. Шырокарадковыя пасевы павінны прымяняцца толькі ў тых умовах, дзе неабходна міжрадковая апрацоўка. «Беларусь». // Прызначаны для такой сяўбы. Шырокарадковая сеялка.

шырокараспаўсю́джаны, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў шырокае распаўсюджанне, набыў шырокую вядомасць. Па свайму настрою і па некаторых паэтычных вобразах гэты верш [«Бура ідзе» Цёткі] яўна пераклікаецца з агульнавядомай і шырокараспаўсюджанай у тыя часы рэвалюцыйнай песняй «Варшавякка». Клімковіч.

шырокаўжыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які шырока ўжываецца. Мова мастацкай літаратуры ўзбагачалася за кошт пранікнення ў яе шматлікіх новых слоў, у тым ліку і шырокаўжывальных тэрмінаў. Шакун.

шырокафарма́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Зняты на плёнцы, якая шырэй за звычайную (пра фільм). Шырокафарматны фільм.

2. Прызначаны для дэманстрацыі такіх фільмаў. Шырокафарматны панарамны кінатэатр.

шырокаэкра́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокі экран. [Рэпнік:] — Ты ведаеш, я прыехаў, дык тут усяго нейкіх пару дамоў было. Увесь горад у зямлі быў, у падмурках. А цяпер, бачыш, як раздаўся, вырас. Шырокаэкранны кінатэатр, універмаг, тэхнікум. Кудравец. // Які зроблены, прызначаны для шырокага экрана. Шырокаэкраннае кіно тыпу «Сінерамы», бясспрэчна, мае добрую будучыню. Мележ.