Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]

налаві́цца, ‑ловіцца; зак.

Злавіцца ў нейкай колькасці. Налавілася многа рыбы.

налаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-чаго.

Ловячы, здабыць у нейкай колькасці. Налавіць матылёў. □ Прыйшлі мы на свой бераг, накапалі чарв[якоў], налавілі на водмелі печкуроў для жыўца. Якімовіч.

нала́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. Тое, што і наладка. Трэснулі рысоры, і машыне патрэбна грунтоўная налада пры кузні. Мурашка.

нала́даваны і наладава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наладаваць.

нала́даваць і наладава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; зак., што і чаго.

Разм. Шчыльна налажыць чаго‑н. у што‑н.; напакаваць. Тым часам маці наладавала поўны з верхам кошык ежы. Краўчанка.

нала́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наладкі. У Галі ішоў апошні этап наладкі — з наладачным рэжымам на дэталі. Арабей.

нала́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наладжанага (у 2 знач.); арганізаванасць. Справа, як быццам, наладжвалася. І вось аднойчы гэтая наладжанасць ледзь не пайшла па нішто. Шахавец.

нала́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наладзіць.

2. у знач. прым. Добра арганізаваны. Наладжаная праца. □ Наладжаную плынь школьных заняткаў нечаканым чынам парушыў Іван Анцыпік. Колас.

нала́джвальнік, ‑а, м.

Той, хто што‑н. наладжвае, арганізуе; арганізатар. Наладжвальнік выстаўкі.